Як сказаў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа, «мяч цяпер на баку Расіі». Гэта важны момант, піша карэспандэнт Бі-бі-сі Пол Адамс.

У сумеснай заяве ЗША і Украіны пасля доўгага дня перамоваў у Джыдзе ёсць некалькі ключавых радкоў, і, магчыма, ні адзін з іх не важнейшы за гэты: «Злучаныя Штаты паведамяць Расіі, што ўзаемнасць расіян — ключ да дасягнення міру».
У апошнія тыдні мы шмат чулі пра тое, чаго Дональд Трамп чакае ад Украіны і якія грубыя інструменты Белы дом выкарыстоўвае, каб падпарадкаваць Кіеў. Цяпер, відаць, прыйшоў час публічна праверыць намеры Расіі.
Адносіны Дональда Трампа з Уладзімірам Пуціным дагэтуль былі ахінутыя няпэўнасцю, і няма ніякіх відавочных прыкмет ціску Трампа на Пуціна, што магло б збалансаваць ціск на Уладзіміра Зяленскага.
Заява ЗША і Украіны ў аўторак зусім не азначае, што Трамп раптам змяніў сваё стаўленне да Зяленскага. У іх няпростыя адносіны, народжаныя даўнім узаемным недаверам.
Але агіднае воблака жоўці, якое ўзнікла пасля правальнай сустрэчы ў Авальным кабінеце, можа пачаць рассейвацца, калі запусціцца рэальны працэс устанаўлення міру.
Пасля неадкладнага аднаўлення абмену разведдадзенымі паміж ЗША і Украінай і дапамогі Кіеву ў сферы бяспекі ціск цяпер можа адчуць менавіта Расія.
Пакуль рана рабіць высновы, і маса дэталяў мусіць быць узгодненая падчас далейшых перамоваў.
У заяве гаворыцца пра істотныя аспекты завяршэння вайны і пра гарантыі, на якія Украіна можа разлічваць «для пашырэння эканомікі і забяспечання доўгатэрміновага росквіту і бяспекі».
Але менавіта фармулёўкі апошняга абзаца адлюстроўваюць пункт гледжання Вашынгтона пра тое, што бяспека і росквіт могуць быць дасягнутыя шляхам заключэння шырока дыскутаванай угоды па крытычна важных мінералах, а не з дапамогай канкрэтных гарантый бяспекі, якіх дабіваецца Кіеў.
Зяленскі і Трамп, гаворыцца ў заяве, дамовіліся заключыць угоду «як мага хутчэй». Як чыста камерцыйнае пагадненне можа перадухіліць варожыя дзеянні Расіі ў будучыні, яшчэ трэба высветліць.
У заяве таксама адзначаецца, што ўкраінская дэлегацыя «пацвердзіла, што еўрапейскія партнёры мусяць быць уцягнутыя ў мірны працэс», але з яго не зусім зразумела, як Вашынгтон разглядае магчымыя параметры еўрапейскага ўдзелу.
Сустрэча ў Саудаўскай Аравіі здаецца своечасовай перазагрузкай пасля турбулентнасці апошніх дзён. Але яе вынікі не значаць, што далейшыя дзеянні ЗША і Украіны цалкам узгодненыя.
Калі ў прэзідэнта Зяленскага некалі і былі сумневы, то цяпер ён дакладна ведае, што мае дачыненне з капрызным і зменлівым характарам амерыканскага прэзідэнта, для якога лаяльнасць у мінулым і традыцыйныя дыпламатычныя паводзіны значаць вельмі мала.
Ён зробіць усё магчымае, каб мяч застаўся на расійскім баку, але ён разумее: ёсць усе шанцы, што мяч можа вярнуцца да яго.