Кіраўнік НАН расказаў, калі з'явяцца беларускія акумулятары для электрамабіляў. Каротка: тады, калі хацеў Лукашэнка
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Беларускія навукоўцы цяпер звяртаюць больш увагі на супрацоўніцтва з Расіяй і Кітаем, аднак працягваюць працаваць і з заходняй навуковай супольнасцю. Такую заяву зрабіў старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў у эфіры СТБ. Акрамя гэтага, ён расказаў, калі чакаць запуску новага беларускага спадарожніка і з’яўлення беларускіх акумулятараў для электрамабіляў і іншай тэхнікі.

Владимир Гусаков. Фото: скриншот видео телеканала СТВ
Уладзімір Гусакоў. Скрыншот відэа тэлеканала СТБ

Адказваючы на пытанне пра магчымае павелічэнне фінансавання дзейнасці НАН, Гусакоў заявіў, што цяперашняя лічба ў 0,5−0,6% ВУП не зусім адпавядае рэчаіснасці. У ёй не ўлічваецца шэраг іншых грашовых паступленняў, у тым ліку ад міжнароднага супрацоўніцтва.

«У нас ёсць праекты, па якіх мы атрымліваем дзясяткі і сотні тысяч даляраў. Сувязі працягваюцца, і добрыя. І сувязі, і кантакты, і праекты, нягледзячы на ўсе гэтыя санкцыі, на ўсе меры. Навука па-ранейшаму супрацоўнічае міжнародная. Вядома, мы акцэнтуем больш увагі на Расію, на Кітай. Мы з В’етнамам працуем. Цяпер актывізавалі працу з Індыяй, з Егіптам, з шэрагам іншых краін. Але працягваем супрацоўніцтва і з заходнімі краінамі».

Гаворачы пра маштабныя і амбіцыйныя праекты ў сферы імпартазамяшчэння, Гусакоў зноў успомніў пра планы па запуску новага беларускага спадарожніка.

«Калі раней мы маглі з Расіяй яго рабіць, спадарожнік дыстанцыйнага зандавання Зямлі, і тое, што лётае ў космасе цяпер, мы фармуем дзве групоўкі, мы маем магчымасць свой распрацаваць цалкам. Вось гэта імпартазамяшчэнне. Гэта з нашым найбліжэйшым партнёрам, а што да іншых краін, то, вядома, мы нацэленыя толькі на імпартазамяшчэнне, свае распрацоўкі», — сказаў ён.

Са словаў Гусакова, беларуская групоўка спадарожнікаў можа быць гатовая «ў 2024-м, у 2025 годзе — мы такую задачу ставім». Што да палёту беларускіх касманаўтак на арбіту, то, паводле кіраўніка НАН, цяпер кандыдаткі праходзяць папярэдняе навучанне. У іх будуць даследчыя заданні ў галіне біятэхналогій, медыцыне і іншых сферах. Найбліжэйшым часам яны паедуць у Расію, дзе будуць займацца на трэнажорах.

Таксама было закранутае пытанне вытворчасці акумулятарных батарэй — прычым цэлай лінейкі.

«І мы працуем над гэтым шэрагам. Ад малога транспарту, ад ровараў (там невялікія акумулятарныя батарэі будуць, назапашвальнікі) да буйных, як БЕЛАЗ. Такая лінейка адпрацоўваецца. І не толькі на базе прызнаных у сусветным плане такіх элементаў, як літый, але мы спрабуем адпрацоўваць свае тэхналогіі, элементы і прапановы на базе натрый-графенавых акумулятараў, назапашвальнікаў. І гэта паказвае нядрэнныя вынікі, але пакуль гэта стэндавыя выпрабаванні», — сказаў Гусакоў.

На ўдакладняльнае пытанне, калі чакаць гатовых распрацовак, Уладзімір Гусакоў адказаў: «Прэзідэнт сказаў: да лета. Таму мы рыхтуемся да гэтага».