Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, пра знікненне якой стала вядома на мінулым тыдні, з 2022 года працавала ў камандзе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. У арганізацыі, якую ўзначальвае Павел Латушка, жанчына спачатку была каардынатаркай праектаў, а пазней стала дарадцай па стратэгічным планаванні. «Люстэрка» спытала ў Латушкі, ці мела Мельнікава доступ да адчувальнай дакументацыі. Напрыклад, ці ведала яна імёны людзей, якія данацілі НАУ? Ці прозвішчы беларускіх чыноўнікаў, якія ўзялі ўдзел у ініцыятыве арганізацыі і ў 2021 годзе падпісалі ліст да Аляксандра Лукашэнкі?

Павел Латушка кажа, што Анжаліка Мельнікава магла мець доступ да ўсіх фінансавых дакументаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Падкрэслівае, што гаворка пра тыя, што датычылі справаздачнасці перад донарамі.
— У Анжалікі дакладна няма і не было доступу да спісаў тых, хто данаціў, то-бок людзей, якія фінансава падтрымліваюць Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, — адзначыў Латушка.
Палітык кажа, што Мельнікава не мела інфармацыі пра беларускіх чыноўнікаў, якія ў 2021 годзе падпісалі ліст да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем спыніць гвалт, вызваліць палітвязняў, прыцягнуць да адказнасці кіраўнікоў сілавых структур і ЦВК, а таксама правесці новыя выбары. Нагадаем, паводле заявы НАУ, подпісы пад лістом пакінула каля 1700 чыноўнікаў.
— Яна не працавала з гэтым праектам і не залучалася да задач, звязаных з апрацоўкай ці захоўваннем гэтай інфармацыі, — сцвярджае Латушка.
З вясны 2023 года Народнае антыкрызіснае ўпраўленне вядзе працу па зборы дакументаў для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе. Арганізацыя хоча дабіцца выдачы ордара на яго арышт за незаконны вываз у Беларусь дзяцей з Украіны і злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да цывільнага насельніцтва нашай краіны. Ці ёсць пагроза публікацыі гэтых дакументаў праз тое, што Мельнікава знікла?
— Інфармацыю, сабраную НАУ, мае вельмі абмежаванае кола супрацоўнікаў, — тлумачыць Павел Латушка. — У адпаведнасці з нашымі мерамі бяспекі ўсе такія супрацоўнікі непублічныя. Анжаліка Мельнікава — супрацоўніца публічная, яна доступу да такой інфармацыі ніколі не мела.
Кіраўнік НАУ сцвярджае, што ўся канфідэнцыйная інфармацыя па пытанні прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці ў МКС знаходзіцца ў асобнай інфармацыйнай экасістэме.
— Нават калі будзе атрыманы доступ да акаўнтаў любых публічных асобаў НАУ, гэта не дасць якіх-кольвек магчымасцяў атрымаць інфармацыю, якая збіраецца для перадачы ў МКС, — рэзюмуе Латушка.
Чытайце таксама