План «Чырвоны». Расказваем, як ЗША планавалі ваеннае ўварванне ў Канаду (гэта доўга трымалі ў сакрэце)
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Пасля абрання новага прэзідэнта ЗША адносіны гэтай краіны з найбліжэйшым суседам і традыцыйным саюзнікам, Канадай, прыкметна абвастрыліся. У снежні 2024 года, яшчэ да ўступлення на пасаду, Дональд Трамп, паводле звестак Fox News, прапанаваў Канадзе ўвайсці ў склад ЗША, а яе прэм’ер-міністру Джасціну Трудо паабяцаў у такім выпадку пасаду губернатара. У пачатку студзеня 2025-га Трамп запосціў у сацсетцы Truth Social карты, дзе Канада была пазначаная як частка ЗША. У лютым ён заявіў, што гэтая краіна мусіць стаць «нашым запаветным 51-м штатам», а ў сакавіку развязаў супраць суседзяў гандлёвую вайну. У завочнай палеміцы з канадскім прэм’ерам у сацсетках кіраўнік Белага дома працягвае называць таго «губернатарам». Сам Трудо такія намёкі на анексію разглядае цалкам сур’ёзна. Увесь канфлікт паміж традыцыйнымі саюзнікамі сёння выглядае фантасмагорыяй. Але так было не заўсёды. У мінулым стагоддзі ЗША нават распрацоўвалі план ваеннага ўварвання ў Канаду. Навошта Штатам было акупаваць паўночнага суседа і як яны збіраліся гэта зрабіць? Расказваем.

Суседскія звады

Президент США Дональд Трамп и премьер-министр Канады Джастин Трюдо в Белом Доме (Вашингтон, округ Колумбия, США) в июне 2019 года. Фото: White House, Public Domain, commons.wikimedia.org
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо ў Белым доме (Вашынгтон, акруга Калумбія, ЗША) у чэрвені 2019 года. Фота: White House, Public Domain, commons.wikimedia.org

З часоў Другой сусветнай вайны ЗША і Канада застаюцца саюзнікамі з цесна звязанымі эканомікамі. У вайскова-палітычным плане Вашынгтон і Атава супрацоўнічаюць як чальцы NATO, NORAD (Камандаванні паветрана-касмічнай абароны Паўночнай Амерыкі) і разведвальнага альянсу «Пяць вачэй», а ў эканамічным аб’яднаныя пагадненнем USMCA — адной з найбуйнейшых у свеце зонаў свабоднага гандлю.

Але так было далёка не заўсёды. Толькі ў фантазіях беларускіх і расійскіх прапагандыстаў «англасаксы» нібыта яшчэ з пачатку XVIII стагоддзя моцна аб’яднаныя агульнай мэтай «не дапусціць саюза Расіі і Еўропы» і раз-пораз развязваць сусветныя войны. На практыцы адносіны паміж рознымі часткамі англійскамоўнага свету далёка не заўсёды былі бязвоблачнымі.

Падчас вайны за незалежнасць ЗША ў канцы XVIII стагоддзя далёка не ўсе брытанскія ўладанні ў Паўночнай Амерыцы захацелі далучыцца да сепаратыстаў. Лаяльныя брытанскім манархам тэрыторыі на поўнач ад ЗША спачатку кіраваліся як асобныя калоніі, але з часам аб’ядналіся ў Канадскую канфедэрацыю. Памацнеўшы, Канада атрымала правы дамініёна ў складзе Брытанскай імперыі, а потым і поўны суверэнітэт. Тым не менш яна дагэтуль застаецца адным з Каралеўстваў Садружнасці — кароль Вялікабрытаніі — і яе кароль таксама.

Дарэчы, з гэтай прычыны спробы Трампа «падкалоць» прэм’ер-міністра Трудо, назваўшы яго губернатарам, выглядаюць даволі нязграбнымі. Пост губернатара Канады (дакладней, генерал-губернатара) існуе і так — гэта чыноўнік, які прадстаўляе ў краіне брытанскага караля і прызначаецца ім жа. Цяпер пасаду займае прадстаўніца карэнных народаў, лідарка інуітаў Мэры Сайман.

Флаги США и Канады у американского Капитолия, 7 декабря 2013 года. Фото: Photo Phiend / Flickr
Сцягі ЗША і Канады ля амерыканскага Капітолія, 7 снежня 2013 года. Фота: Photo Phiend/Flickr

У 1812 годзе, калі ў Еўропе грымелі напалеонаўскія войны, а Англія была занятая барацьбой з Францыяй, ЗША вырашылі скарыстацца сітуацыяй і абвясцілі вайну з мэтай анексаваць паўночнага суседа. Амерыканцы былі настроеныя аптымістычна. Іх вайсковы міністр Уільям Юстыс нават заявіў: «Мы можам узяць Канаду без салдат, нам трэба толькі паслаць афіцэраў у правінцыю, і людзі з’яднаюцца вакол нашых сцягоў».

Хуткай перамогі ў ЗША не атрымалася, але пакуль рукі Лондана былі звязаныя вайной супраць Напалеона, англічане і канадцы пераважна абараняліся. Сітуацыя змянілася пасля паразы напалеонаўскай Францыі. Вялікабрытанія хутка перакінула ў Паўночную Амерыку вызваленыя войскі, а камандаваць сіламі ў рэгіёне прызначыла ініцыятыўнага віцэ-адмірала, шатландца Аляксандра Какрэйна. Пра стаўленне тагачаснай брытанскай эліты да амерыканцаў можна меркаваць з аднаго з яго лістоў: «Гэта нацыя, што вечна скуголіць, крывадушная, пазбаўленая высакароднасці і адвагі. Яны нагадваюць мне спаніэля, у якога толькі палкай можна ўбіць добрае выхаванне і ветлівасць».

Какрэйн не здолеў выканаць сваю праграму-максімум — вярнуць ЗША пад руку Англіі. Але ён перанёс баявыя дзеянні з Канады на амерыканскую тэрыторыю і ўрэшце захапіў Вашынгтон, дзе спаліў Капітолій і Белы дом. Гэта надоўга адбіла ў амерыканцаў ахвоту анексаваць Канаду.

Белый дом в Вашингтоне, сожженный британскими войсками в 1814 году. Изображение: George Munger - The White House Historical Association, Public Domain, commons.wikimedia.org
Белы дом у Вашынгтоне, спалены брытанскімі войскамі ў 1814 годзе. Выява: George Munger — The White House Historical Association, Public Domain, commons.wikimedia.org

Англа-амерыканская вайна скончылася аднаўленнем даваеннага статус-кво. Пасля гэтага памежжа паміж ЗША і Канадай больш ніколі не станавілася арэнай поўнамаштабных баявых дзеянняў, хоць выпадкі ўзброеных канфрантацый здараліся (як, напрыклад, «Вайна праз свінню» ў 1859 годзе, што абышлася без чалавечых ахвяр). Тым не менш Брытанская імперыя, часткай якой заставалася Канада, і Штаты, якія набіралі сілу, працягвалі быць канкурэнтамі на міжнароднай арэне.

У 1917 годзе ЗША ўступілі ў Першую сусветную вайну на баку Вялікабрытаніі і яе дамініёнаў, уключаючы Канаду. Агульная перамога над Германіяй і яе саюзнікамі, а таксама сумесная пасляваенная перабудова свету нібыта мусілі разбурыць узаемны недавер паміж Вашынгтонам і Лонданам з Атавай. Тым больш што ў наступнай глабальнай вайне ЗША і Брытанская імперыя зноў змагаліся на адным баку.

Але толькі нашмат пазней свет даведаўся, што ў поўнай меры гэта не ўдалося і недавер паміж «англасаксамі» яшчэ заставаўся. У 1974 годзе ў ЗША рассакрэцілі план узброенага супрацьстаяння з Вялікабрытаніяй, падрыхтаваны ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі. Асноўнай яго часткай было ўварванне ў Канаду.

План «Чырвоны»

План амерыканскага ўварвання ў Канаду атрымаў назву «Чырвоны». Як лічаць некаторыя гісторыкі, гэта было адсылкай да чырвонага колеру мундзіраў брытанскіх салдат часоў вайны за незалежнасць ЗША. Стратэгія была распрацаваная ў канцы 1920-х і ўхваленая ў траўні 1930 года міністрам абароны Патрыкам Хёрлі.

Патрик Хёрли в 1929 году. Фото: National Photo Company, Public Domain, commons.wikimedia.org
Патрык Хёрлі ў 1929 годзе. Фота: National Photo Company, Public Domain, commons.wikimedia.org

Гэты дакумент быў створаны на выпадак, калі амерыканцам стане вядома пра падрыхтоўку брытанскага ўварвання ў ЗША. У пачатку плана прыведзеная інфармацыя пра геаграфію Канады, яе вайсковыя рэсурсах і транспартную сістэму. Потым апісваецца серыя папераджальных удараў па розных раёнах Канады, заняцце якіх мае перашкодзіць Вялікабрытаніі даставіць канадцам падмацаванне.

Ключавы элемент плана «Чырвоны» — сумесная атака амерыканскіх арміі і флоту на горад Галіфакс (сталіцу правінцыі Новая Шатландыя і буйны атлантычны порт). Другім па важнасці быў удар у раёне Ніягарскага вадаспаду, дзе трэба было захапіць канадскія электрастанцыі. Потым меркавалася разгарнуць поўнамаштабны наступ на трох франтах:

  • са штата Вермант — на франкамоўную правінцыю Квебек і яе сталіцу Манрэаль;
  • з Паўночнай Дакоты ў бок чыгуначнага вузла ў сталіцы правінцыі Манітоба Вініпегу, захоп якога раз’ядноўваў транспартныя сістэмы захаду і ўсходу Канады;
  • з Сярэдняга Захаду на стратэгічна важныя нікелевыя руднікі ў правінцыі Антарыа.
Окраины города на Янг-стрит, в Торонто, Канада, 2024 год. Фото: Wikipedia.com
Ускраіны горада на Янг-стрыт у Таронта, правінцыя Антарыа, Канада, 2024 год. Фота: Wikipedia.com

Дадатковы ўдар планаваўся са штата Вашынгтон па Брытанскай Калумбіі і яе найбуйнейшым горадзе Ванкуверы. Захоп гэтага рэгіёна амерыканскія штабісты не лічылі асабліва важным з прычыны яго аддаленасці ад Еўропы. Але яго акупацыя пазбавіла б Вялікабрытанію буйной вайскова-марской базы і адрэзала б Канаду ад Ціхага акіяна.

План «Чырвоны» распрацоўваўся на выпадак канфлікту з усёй Брытанскай імперыяй. Паводле задумы вайскоўцаў, частковая акупацыя Канады мела прымусіць Лондан пачаць перамовы. Асабліва складаным быў сцэнар, пры якім Канадскі дамініён абвясціў бы нейтралітэт. Тады захоп паўночнага суседа не даў бы амерыканцам рычагоў ціску на брытанцаў. Аўтары плана лічылі, што прызнаць нейтралітэт канадцаў можна будзе толькі пры ўмове, што тыя дазволяць ЗША заняць парты і некаторыя ключавыя тэрыторыі краіны.

На ўсялякі выпадак адзначым, што стварэнне ваеннага плана ні ў якім разе нельга прыраўноўваць да намеру яго ажыццявіць. Арміі розных краін імкнуцца прадугледзець разнастайныя пагрозы і распрацоўваюць мноства сцэнараў для розных сітуацый. Прыкладна ў той жа час у ЗША стварылі цэлую вясёлку такіх ваенных планаў:

  • План «Чорны» — на выпадак вайны супраць Германіі;
  • План «Шэры» — для ўварвання ў адну з краін Карыбскага басейна;
  • План «Карычневы «- для недапушчэння паўстання на Філіпінах, якія тады належалі ЗША;
  • План «Колер загару» (Plan Tan) — -для інтэрвенцыі на Кубу;
  • План «Аранжавы» — на выпадак вайны з Японіяй;
  • План «Жоўты» — для вайны ў Кітаі супраць Японіі, прадугледжваў абарону Пекіна і вызваленне Шанхая;
  • План «Зялёны» — на выпадак уварвання ў Мексіку;
  • План «Індыга» — для акупацыі Ісландыі;
  • Планы «Пурпуровы» і «Фіялетавы» — на выпадак уварвання ў адну з дзяржаваў Лацінскай Амерыкі;
  • План «Белы» — на выпадак буйнамаштабных грамадзянскіх беспарадкаў у саміх ЗША, якія маглі пачацца ў выніку дзейнасці камуністычнага падполля.
Флаги Великобритании, США и Канады у входа на учебный полигон Национальной гвардии «Золотой койот» в Ист-Кастере, Южная Дакота, США, 17 июня 2012 года. Фото: Министерство обороны США
Сцягі Вялікабрытаніі, ЗША і Канады ля ўваходу на навучальны палігон Нацыянальнай гвардыі «Залаты каёт» у Іст-Кастэры, Паўднёвая Дакота, ЗША, 17 чэрвеня 2012 года. Фота: Міністэрства абароны ЗША

Існаванне амерыканскага плана акупацыі Канады ў міжваенны перыяд сведчыць толькі пра тое, што кіраўніцтва ЗША не лічыла вайну супраць Брытанскай імперыі нечым зусім неверагодным. Яно хацела быць гатовым і да такога развіцця падзей. Галоўнай прычынай магчымага канфлікту Вашынгтон у 1920-я гады бачыў саюз паміж Лонданам і Токіа, які пазначаўся ў той час.

Канадскі адказ

Невядома, ці ведала брытанская або канадская разведка пра існаванне плана «Чырвоны» да таго, як яго рассакрэцілі ў 1974 годзе. Тым не менш канадцы ў міжваенны перыяд таксама распрацавалі «План абароны № 1» на выпадак вайны супраць ЗША. Цікава, што ён быў створаны яшчэ да з’яўлення «Чырвонага» — у 1921 годзе, усяго праз тры гады пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, у якой ЗША, Канада і Вялікабрытанія ваявалі на адным баку. Яшчэ адзін паказчык таго, наколькі «моцны» быў давер паміж суседзямі.

Аўтарам «Плана абароны № 1» быў удзельнік Першай сусветнай, дырэктар канадскай Службы ваенных аперацый і разведкі Джэймс Сазэрлэнд Браўн. Прайшоўшы колы пекла на еўрапейскіх палях бітваў, Браўн падтрымліваў захаванне цесных сувязяў сваёй краіны з Вялікабрытаніяй і з падазрэннем ставіўся да ЗША.

Браўн выдатна ўсведамляў перавагу Штатаў над Канадай у насельніцтве, эканамічнай і вайсковай моцы. У сваім плане ён называў поспех у вайне супраць ЗША задачай «цяжкай і на першы погляд амаль безнадзейнай». Афіцэр лічыў, што спыніць гіпатэтычнае амерыканскае ўварванне можна будзе з дапамогай падмацаванняў з Вялікабрытаніі. Але для гэтага патрабаваўся час, бо перакідванне войскаў праз акіян — справа няхуткая. Акрамя метраполіі магчымымі саюзнікамі Канады ў вайне супраць ЗША Браўн называў Японію, Мексіку, некаторыя паўднёваамерыканскія дзяржавы і (з меншай імавернасцю) Францыю.

Командир 1-й канадской пехотной дивизии генерал-майор Арчибальд Макдонел и штабные офицеры его соединения. 1918 год. Подполковник Джеймс Сазерленд Браун второй справа в первом ряду. Фото: Library and Archives Canada, Public Domain, commons.wikimedia.org
Камандзір 1-й канадскай пяхотнай дывізіі генерал-маёр Арчыбальд Макдонэл і штабныя афіцэры яго злучэння. 1918 г. Падпалкоўнік Джэймс Сазэрлэнд Браўн другі справа ў першым шэрагу. Фота: Library and Archives Canada, Public Domain, commons.wikimedia.org

Каб выйграць крытычна неабходны час, Джэймс Браўн прапанаваў парадаксальны план: на яго думку, у выпадку пагрозы Канада мусіла нанесці папераджальны ўдар па ЗША. Манеўраныя канадскія атрады мусілі перасекчы мяжу да таго, як да яе сцягнуцца амерыканскія войскі. Наступ планавалася весці на чатырох кірунках:

  • Ціхаакіянскае камандаванне мусіла ўдарыць з Брытанскай Калумбіі ў бок штатаў Вашынгтон і Арэгон, гарадоў Сіэтл і Портлэнд;
  • Камандаванне прэрый — у бок Фарга ў Паўночнай Дакоце і далей да Мінеапаліса і Сэнт-Пола;
  • Камандаванне Вялікіх азёр — у бок Сэнт-Клэра і Дэтройта;
  • Марское камандаванне мусіла атакаваць штат Мэн.

Па меры набліжэння галоўных амерыканскіх сіл канадскія «Лятучыя атрады» мусілі не ўвязвацца ў баі, а адступаць, знішчаючы за сабой масты і чыгункі.

У 1931 годзе начальнік Генеральнага штаба арміі Канады Эндру Макнотан адхіліў занадта рызыкоўны план Браўна.

Чытайце таксама