Для адных ён быў містарам Леонам Варнерке — падданым Брытанскай кароны аўстрыйскага паходжання, паспяховым інжынерам, вынаходнікам прататыпа плёнкавага фотаапарата, уладальнікам медаля Прагрэсу — найвышэйшай узнагароды Каралеўскага фатаграфічнага таварыства. Іншыя памяталі яго як Уладзіслава Малахоўскага — ураджэнца маёнтка Мацы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні, удзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага, завочна асуджанага ў Расійскай імперыі на смяротнае пакаранне. А хтосьці лічыць яго адным з самых таленавітых фальшываманетчыкаў у гісторыі. Расказваем вострасюжэтную гісторыю трох жыццяў і адной таямнічай смерці няўлоўнага беларуса.
У пачатку 1990-х падчас зносу старога будынка ў Лондане рабочыя знайшлі пад заваламі важкі куфар. На вялікае расчараванне будаўнікоў, у ім захоўвалася не золата і брыльянты, а старыя лісты, абшарпаныя банкноты, фотакарткі, негатывы, а таксама клішэ для друку фальшывых рублёў царскай Расіі.
Рабочыя прадалі знаходку калекцыянеру за смешны кошт, а той выставіў яе на таргі ў аўкцыённы дом Phillips. Эксперты, якія вывучылі лот, высветлілі, што архіў належаў фатографу-вынаходніку, чальцу Брытанскага каралеўскага фатаграфічнага таварыства Леону Варнерке, якога ў пэўных колах таксама ведалі пад імем Уладзіслава Малахоўскага.
Пасля доўгага перапынку мы працягваем праект «Продкі» — гэта цыкл артыкулаў пра людзей, цесна звязаных з Беларуссю. Яго героі — ураджэнцы «кавалка зямлі», чые імёны ў свой час грымелі на ўвесь свет — і не заўсёды ў добрым сэнсе слова. Ад неймаверных навукоўцаў і прадпрымальнікаў да гангстараў і заснавальнікаў сучаснага Галівуда. Пра іх ведаюць і памятаюць далёка за межамі Беларусі, а мы хочам, каб і на радзіме іх не забывалі. Гісторыі «Продкаў» натхняюць, здзіўляюць, шакуюць. Але нязменна выклікаюць цікавасць.
Жыццё першае. Інжынер і рэвалюцыянер Уладзіслаў Малахоўскі
Уладзіслаў Малахоўскі нарадзіўся ў маёнтку Мацы недалёка ад Кобрына ў сям'і палкоўніка Тэафіла Малахоўскага. Калі — дакладна не вядома. Паводле адных звестак, ён прыйшоў на свет у 1827 годзе, паводле іншых — у 1830-м, паводле яшчэ адных — у 1839-м. Сам жа ён казаў, што нарадзіўся 27 траўня 1837 года.
Пасля хатняга навучання юнага Уладзіслава адправілі ў гімназію ў Свіслачы. Потым ён паехаў у Санкт-Пецярбург, дзе паступіў у Інстытут інжынераў шляхоў зносін. Гэта была закрытая вайскова-навучальная ўстанова, куды прымалі толькі дзяцей патомных дваран.

Уладзіслаў скончыў інстытут 4 чэрвеня 1859 года трэцім у спісе па паспяховасці. У чыне інжынера-паручніка яго накіравалі пад Дынабург (цяпер латвійскі Даўгаўпілс) на будаўніцтва Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі, пісаў Дзмітрый Літвак у сваёй кнізе «Леон Варнеке: магчыма, найвялікшы фальшываманетчык усіх часоў». У жніўні таго ж года яго прызначылі начальнікам аднаго з участкаў Варшаўскай лініі чыгункі, вылучыўшы 1200 рублёў гадавога заробку. Для параўнання, мех бульбы ў той час каштаваў адзін рубель, за кнігу прасілі тры.

У 1863 годзе на тэрыторыі сучасных Польшчы, Беларусі і Літвы ўспыхнула паўстанне супраць улады Расійскай імперыі. Малахоўскі стаў актыўным удзельнікам хваляванняў і найбліжэйшым паплечнікам Кастуся Каліноўскага. непахісныя погляды ўраджэнца маёнтка Мацы сведчыць фрагмент з яго ліста:
«Хай хаця б адзін прыгнятальнік сялян захрыпіць на шыбеніцы перад ранейшымі сваімі неграмі за данос, за невыкананне загаду і абавязку, за крыўды, прынесеныя народу, якія нельга ні згладзіць, ні ўзнагародзіць».
Кіраўнікі паўстання даручылі Малахоўскаму важную місію — ліквідаваць правадыра дваранства Вільна (Вільнюса) Аляксандра Дамейку.
«Улетку 1863 года ён (Малахоўскі. — Заўв. рэд.) аддаў загад. Замах не атрымаўся, але малады інжынер трапіў пад падазрэнне. Хоць забяспечыў сабе нешта накшталт алібі: быў на прыёме ў генерал-губернатара (Міхаіла Мураўёва. — Заўв. рэд.), якому яго нават прадставілі», — пісала у сваім артыкуле для «СБ. Беларусь сегодня» аўтарка кнігі «Рыцары і дамы Беларусі: гістарычныя нарысы» Людміла Рублеўская.
У выніку маладога інжынера перавялі ў Пецярбург. У сталіцу Расійскай імперыі Малахоўскі прыбыў 3 жніўня 1863 года. А ўжо праз восем дзён мясцовым шпегам прыйшло паведамленне ад генерал-губернатара Мураўёва з патрабаваннем знайсці і арыштаваць новапрыбылага інжынера. На наступную раніцу ў кватэру Малахоўскага ўварваліся жандары, але там нікога не было.
«Для вышуку Малахоўскага як аднаго з кіраўнікоў паўстання выкарыстоўваліся ўсе даступныя сродкі. У тым ліку рассылаліся яго фатаграфіі, што па тых часах было новым. <…> Разам з фатаграфіяй рассылаліся і прыкметы злачынца: „Уладзіслаў Малахоўскі: на выгляд ад 35 да 40 гадоў, сярэдняга росту, цёмныя валасы, гладка прычасаныя з праборам на левым баку, твар круглы, лоб вузкі, ёсць невялікія бакенбарды, падбародак гладка паголены, сур’ёзны выраз твару“», — пісаў у сваёй кнізе Дзмітрый Літвак.
За пайманне Малахоўскага была прызначаная ўзнагарода ў 10 тысяч рублёў. Аднак пошукі не далі выніку.
Паводле непацверджанай інфармацыі, будучы геній фотатэхнікі пакінуў Расійскую імперыю на брытанскім судне. Першы час ён жыў у цяперашнім Калінінградзе, дапамагаў мясцовым падпольшчыкам з выданнем газеты «Голас з Літвы», займаўся закупкай і дастаўкай зброі паўстанцам.
Восенню 1863 года шэф жандараў Васіль Далгарукаў, спасылаючыся на звесткі разведкі, паведаміў генерал-губернатару Мураўёву, што збеглы рэвалюцыянер знаходзіцца ў Парыжы. Суд у Санкт-Пецярбургу ў снежні 1863 года завочна асудзіў Уладзіслава Малахоўскага на смяротнае пакаранне.
Жыццё другое. Вынаходнік і фатограф Леон Варнерке
У 1866 годзе ў Лондане аб’явіўся падданы Аўстра-Венгерскай імперыі Леон Варнерке. У дакументах ён засведчыў, што нарадзіўся 27 траўня 1837 года ў сям'і Вінцэнта і Марыі ў невялікім горадзе Вайскірхен маркграфства Маравія. Таямнічы іншаземец спачатку пасяліўся на поўдні Лондана ў доме № 10 на вуліцы Ліндэн-Гроўв у Пэкхам-Рай. Пазней ён пераехаў з сям’ёй у прасторны асабняк «Сільверхоўв», што размяшчаўся непадалёк на Чэмпіян-Хіл. Ва ўсіх біяграфічных даведніках таго часу Варнерке быў запісаны як натуралізаваны брытанец аўстрыйскага паходжання.
У 80-х гадах XIX стагоддзя на першым паверсе асабняка «Сільверхоўв» адкрылася прамысловая фоталабараторыя «Варнерке і Ко». Назву сваёй вілы Леон вывеў фасфарэсцэнтнай фарбай, якая свяцілася ў прыцемках і забірала ўвагу мінакоў. У сваёй майстэрні Варнерке вырабляў фотаматэрыялы і аксэсуары, а таксама займаўся даследаваннямі.
«Містар Леон Варнерке знайшоў залатую жылу. Ён прыдумаў, як палегчыць заняткі фатаграфіяй, — пісаў у 1988 годзе доктар тэхнічных навук Карл Вяндроўскі ў сваім артыкуле для часопіса акадэміі навук СССР „Хімія і жыццё“. — Палегчыць ў літаральным сэнсе слова. Бо гэта была эпоха мокракаладыйных пласцінак, якія і рыхтавалі, і праяўлялі на месцы здымкі, так што поўны камплект прыладаў важыў не адзін дзясятак кілаграмаў. Нездарма на выявах таго часу фатограф абавязкова быў наўючаны атрыбутамі свайго рамяства. І ўсё ж энтузіястаў, гатовых прыняць на сябе такі цяжар, знаходзілася нямала. Але яшчэ больш было людзей, якія марылі фатаграфаваць, калі б для гэтага хапала сіл і часу. Каб дапамагчы ім, патрабавалася вырашыць дзве галоўныя задачы: навучыцца рыхтаваць святлоадчувальны пласт загадзя, задоўга да здымкі, і пазбавіцца цяжкіх шкляных пласцінак».
Варнерке стварыў фотаапарат, які ў асноўных рысах стаў папярэднікам плёнкавых камер. У 1875 годзе ён наладзіў выпуск фотакамер, касеты якіх зараджаліся святлоадчувальнай паперай на сто здымкаў. Гэта істотна палегчыла багаж фатографа. Адна касета Варнерке важыла не больш за паўкілаграма. Для параўнання, запас шкляных фотапласцінак, якія выкарыстоўвалі фатографы раней, на тыя ж 100 здымкаў важыў каля сямі кіло.

«Бясспрэчна, Варнерке стварыў цалкам новую сістэму фатаграфіі, яна давала выгоды, да тых часоў нечуваныя, і мела амаль бязмежныя магчымасці. Праўда, праз складанасць тэхналогіі святлоадчувальны матэрыял быў задарагі, нятанная была і камера. Тым не менш пакупнікі знаходзіліся, і фірма моцна трымалася на плаве», — пісаў Карл Вяндроўскі.
Інавацыйная сістэма фатаграфіі была далёка не адзіным вынаходствам таленавітага беларуса. Ён таксама стварыў першы ў свеце афіцыйна прызнаны прыбор для вызначэння святлоадчувальнасці фотаматэрыялаў — сенсітометр Варнерке.
Дзякуючы сваім вынаходніцтвам беларус стаў шырока вядомы ў фатаграфічных колах. Ён калясіў па Еўропе, удзельнічаў у навуковых канферэнцыях, кангрэсах, фотавыставах, публікаваўся ў аўтарытэтных часопісах. Варнерке часта наведваў і Расійскую імперыю. У Пецярбургу ён адкрыў фоталабараторыю «Варнерке і Ко».

Ён таксама стаў адным з чальцоў-заснавальнікаў Пятага аддзялення Імператарскага рускага тэхнічнага таварыства разам з рускім хімікам і навукоўцам Дзмітрыем Мендзялеевым, з якім падтрымліваў сяброўскія адносіны.
Жыццё трэцяе. Нязлоўлены фальшываманетчык і «эканамічны дыверсант»
Некаторыя даследчыкі біяграфіі Варнерке дадаюць у спіс яго ганаровых тытулаў і званне аднаго з самых паспяховых фальшываманетчыкаў у гісторыі. Падрабязнасці гэтага боку яго жыцця сталі вядомыя дзякуючы таму самаму архіву, знойдзенаму лонданскімі будаўнікамі ў 1990 годзе.
Акрамя дакументаў у ім знайшлі клішэ для друку рускіх крэдытных білетаў, нарыхтоўкі купюр, формы і шаблоны для вытворчасці паперы і вадзяных знакаў, узоры розных фарбаў, пісаў Дзмітрый Літвак. Арганізатары аўкцыёну папрасілі эксперта-кансультанта аўкцыённых дамоў Christie’s і Sotheby’s Пітэра Боўвера ўважлівей вывучыць знаходкі.
«Вынікам даследавання Боўвера стала публікацыя справаздачы, а таксама шэрагу сенсацыйных артыкулаў. Высветлілася, што Леон Варнерке некалькі дзесяцігоддзяў свайго жыцця (як мінімум з 1865-га да 1899 года) вырабляў і распаўсюджваў падробленыя крэдытныя паперы Расійскай імперыі. Ён працаваў не адзін, а быў удзельнікам арганізацыі, у якую ўваходзілі польскія і рускія палітэмігранты, а таксама грамадзяне Вялікабрытаніі», — адзначыў у сваёй кнізе пра Варнерке Дзмітрый Літвак, спасылаючыся на заключэнні Боўвера.
У Расійскай імперыі крэдытныя грашовыя білеты ўзору 1866 года выпускаліся з дапамогай кампаніі з ЗША і былі аднымі з самых абароненых у свеце на той час, пісаў у сваім артыкуле для часопіса «Гісторыя навукі і тэхнікі» кандыдат гістарычных навук і эксперт па баністыцы (дысцыпліна, якая вывучае грашовыя знакі, што выйшлі з ужытку) Андрэй Алямкін. Лічылася, што іх немагчыма падрабіць праз выкарыстанне спосабу металаграфічнай друку. Нібыта гэта ставіла 100% бар’ер для фальшываманетчыкаў. Аднак неўзабаве пасля таго як новенькія купюры трапілі ў абарот, на валютным рынку з’явіліся падробкі высокай якасці.

«Адзін з самых абароненых у свеце грашовых знакаў падрабляецца. Ды так, што дзяржава прыбірае з абароту найважнейшы намінал у 50 рублёў практычна адразу пасля яго выхаду. Але аказваецца, што падраблялі яшчэ 10 і 25 рублёў з гэтага выпуску», — адзначыў Андрэй Алямкін, у якога няма сумневаў, што аўтарам гэтых падробак быў менавіта Леон Варнерке.
Андрэй Алямкін у сваім выступе на канферэнцыі ў 2014 годзе падкрэсліў, што сапраўдныя расійскія 25-рублёвыя купюры 1866 года вонкава былі неадрозныя ад фальшывак. Розніцу паміж імі маглі заўважыць толькі спецыялісты па валокнах паперы.
Расійскі баніст Алег Парамонаў увогуле называў Леона Варнерке «эканамічным дыверсантам», які ў інтарэсах брытанскіх спецслужбаў спрабаваў дэстабілізаваць фінансавы рынак царскай Расіі. На міжнароднай канферэнцыі «Грошы ў расійскай гісторыі: пытанні вытворчасці, абароту, бытавання» ў 2018 годзе ён адзначыў, што Варнерке ў сваёй працы «карыстаўся абсалютна вышуканымі прыёмамі», дзякуючы чаму дасягалася тая якасць падробкі, «якая ўводзіла ў зман не толькі абывацеляў, але і многіх спецыялістаў».
— Аб'ёмы той шкоды, якую нанесла яго дзейнасць, у цяперашніх умовах цяжка ўявіць. У прыватнасці, мы перакананыя, што ў свой час ЭНДБ (Экспедыцыя нарыхтоўвання дзяржаўных папер — установа, якая выпускала папяровыя грашовыя знакі ў Расійскай імперыі. — Заўв. рэд.) была вымушаная адмовіцца ад вытворчасці пяцідзесяцірублёвых крэдытных білетаў ўзору 1866 года менавіта з той прычыны, што абарот быў запоўнены настолькі высакаякаснымі падробкамі, завезенымі з Лондана, што змагацца з імі не было ніякай магчымасці. Прасцей было наогул выключыць гэты намінал з абароту. І аж да 1899 года, калі быў выпушчаны 50-рублёвы крэдытны білет, такога наміналу ў абароце проста не існавала. У нас абмяжоўваўся намінальны шэраг чацвертаком і далей ужо ішлі буйныя наміналы ў 100 рублёў. Акрамя гэтага, падрабляліся практычна ўсе грашовыя знакі, што знаходзіліся ў абароце, — тлумачыў Парамонаў.
Таямнічая смерць Варнерке-Малахоўскага
Яшчэ адна старонка ў біяграфіі Варнерке, якая не дае спакою даследчыкам, — гэта яго затрыманне ў Францыі. У канцы студзеня 1899 года Варнерке з’ехаў з Лондана і прыбыў у французскі горад Кале. 6 лютага ён наведаў Тулузу, назаўтра ўжо быў у Марсэлі.
На наступную раніцу фотамайстар зайшоў у краму і абмяняў падробленыя 100 рублёў на 795 швейцарскіх франкаў. Праз дзве гадзіны Варнерке паўтарыў аперацыю, але ўжо ў іншым абменніку. Пераначаваўшы ў гатэлі, Леон назаўтра зайшоў у абменнік, дзе яго ўжо чакалі.
«Ён быў затрыманы падчас спробы размяняць рускія старублёвыя крэдытныя білеты, вырабленыя ім „на хуткую руку“, бо ў Расіі прататыпы гэтых білетаў неўзабаве мусілі страціць аплатную сілу. Тлумачэнні затрыманага Варнерке не задаволілі паліцыю, і ён быў арыштаваны. Французы паведамілі пра здарэнне ўсім зацікаўленым бакам — Вялікабрытаніі і Расіі», — пісаў Парамонаў у сваім артыкуле пра Варнерке для выдання «Обозник».
Пасля затрымання Варнерке паміж Францыяй і Англіяй завязалася ажыўленая дыпламатычная перапіска. Падазраванага так і не вызвалілі пад заклад, як прасілі брытанцы, але да суда перавялі з турмы ў цывільную лякарню па стане здароўя.
Тым часам расійскі пасол у Лондане звярнуўся да брытанскіх уладаў з просьбай правесці ператрус у доме, дзе жыў Леон Варнерке. Гэтую просьбу англічане задаволілі і накіравалі адпаведнае даручэнне ў Скотланд-Ярд. Ператрус праводзіў інспектар Уолтэр Дзіні.
«Дом падазраванага быў цалкам перавернуты. Ускрываліся падлогі, разбіраліся сцены, была знойдзеная схованка. Але яна аказалася пустой. Пыл быў выцерты нядаўна. Паліцыянты паведамілі, што злачынцаў нехта папярэдзіў. Са значнага была выяўленая плёнка з негатывам расійскіх 10 рублёў. Былі знойдзеныя абрыўкі грашовай паперы з вадзяным знакам ад дваццаці пяці рублёў. Інспектар Уолтэр Дзіні, які праводзіў гэты ператрус, дакладваў свайму начальству, што затрыманы ў Францыі чалавек жыў не пад сваім імем і меў непасрэднае дачыненне да падробкі грашовых знакаў. Жонка і дачка [Варнерке] не змаглі растлумачыць, на якія сродкі яны жывуць у Лондане ў вялікім асабняку, маючы шмат прыслугі і абслуговага персаналу», — пісаў Андрэй Алямкін, спасылаючыся на матэрыялы справы, якія яму далі ў Нацыянальным архіве Вялікабрытаніі.
14 лістапада 1899 года Леон Варнерке паўстаў перад судом у французскім горадзе Экс-ан-Праванс па справе пра збыт падробленых расійскіх рублёў. Сам ён сваю віну адмаўляў і сцвярджаў, што грошы ён спрабаваў абмяняць па просьбе сябра з Санкт-Пецярбурга. Што купюры фальшывыя, ён нібыта не ведаў. Пры гэтым Варнерке адмовіўся называць імя свайго таварыша, каб не стварыць таму лішніх праблем. Калі яго спыталі, чаму ён прыехаў абменьваць рублі менавіта ў Францыю, абвінавачаны адказаў, што тут «самы выгадны абменны курс».
Суд прызнаў беларуса вінаватым у збыце падробленых купюр, але прызначыў усяго два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання. Асуджанага таксама абавязалі пакінуць Францыю як мага хутчэй. 2 снежня 1899 года Варнерке з’ехаў у Швейцарыю. На гэтым яго сляды губляюцца.

Толькі ў кастрычніку 1900 года жонка Леона Марыя паведаміла ўладам Вялікабрытаніі, што яе муж памёр у Жэневе. Паводле адной версіі, ён застрэліўся ў нумары гатэля. Паводле іншай — інсцэніяваў сваю смерць, каб замесці сляды. Месца яго пахавання да гэтага часу невядомае.
Праз чатыры месяцы пасля смерці бацькі дачка фотамайстра Сафія паведаміла брытанскім уладам, што яе маці Марыя Варнерке памерла ад раку печані.
Неўзабаве пасля гэтага знікла без следу і сама Сафія.
Чытайце таксама


