Пасля ўдзелу ў святочных мерапрыемствах, прысвечаных 9 траўня — спачатку ў Маскве, а потым і ў Мінску, — Аляксандр Лукашэнка знік з публічнага поля. На афіцыйным сайце і іншых інфармацыйных рэсурсах, звязаных з палітыкам, ніякай інфармацыі пра мерапрыемствы з яго ўдзелам няма. З улікам таго, як няпроста Лукашэнку далося святкаванне Дня Перамогі (у Маскве ён не змог прайсці 300 метраў пешшу, а ў Мінску адмовіўся ад традыцыйнай прамовы), гэта выклікае мноства пытанняў пра стан яго здароўя. Але, можа, нічога экстраардынарнага не адбылося і такія паўзы ў графіку палітыка — норма? Каб зразумець гэта, мы паглядзелі, што Лукашэнка рабіў у аналагічныя дні ў мінулыя тыдні, і прыйшлі да высновы, што цяперашняя сітуацыя выглядае анамальнай.

Чым Лукашэнка быў заняты ў аналагічныя дні тыдня раней
Такім чынам, на гэты момант Лукашэнка адсутнічае ў публічнай сферы ўжо трэці дзень: 10, 11 і 12 траўня (па стане на 13.30). Гэта серада, чацвер і пятніца. Для параўнання мы выбралі мінулы месяц, праверыўшы па афіцыйным сайце, што палітык рабіў у аналагічныя дні. Вось што ў нас атрымалася.
5 красавіка, серада
У гэты дзень Лукашэнка быў у Маскве на перамовах з Уладзімірам Пуціным. Мерапрыемства праводзілася напярэдадні паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.
Таксама палітык апублікаваў віншаванне вернікам іудзейскай канфесіі з Песахам.
6 красавіка, чацвер
У гэты дзень у Крамлі з удзелам Лукашэнкі прайшло тое самае паседжанне Найвышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Як пісала прэс-служба, размова Лукашэнкі і Пуціна доўжылася 6 гадзін.
Таксама Лукашэнка апублікаваў два віншаванні: народнаму артысту РСФСР Станіславу Любшыну і наследнаму прынцу Абу-Дабі.
7 красавіка, пятніца
У пятніцу Лукашэнка, мяркуючы з усяго, адпачываў пасля паездкі ў Маскву — ніякіх публічных мерапрыемстваў з ягоным удзелам не было. На сайце палітыка з’явілася толькі віншаванне старшыні Савета Федэрацыі Расіі Валянціне Матвіенка — у яе быў дзень нараджэння.
12 красавіка, серада
Чарговая серала стала для Лукашэнкі непублічнай: ён не з’яўляўся на кадрах хронікі. Затое падпісаў адразу чатыры дакументы: указ пра арганізацыю сістэмы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, указ пра развіццё Парку высокіх тэхналогій, ухваліў праект пагаднення пра дапушчальныя масы, восевыя нагрузкы і габарыты транспарту ў ЕАЭС і папраўкі да ўказа пра дзяржаўныя святы, святочныя дні і памятныя даты.
13 красавіка, чацвер
У гэты дзень у графіку Лукашэнкі былі адразу дзве публічныя сустрэчы: з кіраўніком Татарстана Рустамам Мініханавым і прэзідэнтам Федэрацыі тэніса Расіі Шамілем Тарпішчавым.

Таксама ў графік улезла падпісанне распараджэння пра заахвочванне адоранай моладзі.
14 красавіка, пятніца
Пятніца таксама пачалася з сустрэчы — гэтым разам з кіраўнікамі найвышэйшых судоў замежных дзяржаваў (праўда, набор гасцей быў невялікім, прыехалі толькі прадстаўнікі Расіі, Азербайджана, Таджыкістана, Казахстана, Узбекістана і Кыргызстана). Сустрэча была прымеркаваная да 100-годдзя Вярхоўнага суда Беларусі.
Да гэтай жа круглай даты было прымеркаванае ўручэнне Лукашэнкам дзяржаўных узнагародаў 12 суддзям Вярхоўнага суда — узнагароджанне палітык праводзіў асабіста. Таксама было апублікаванае яго віншаванне суддзям.
19 красавіка, серада
У сераду палітык публічна нідзе не з’яўляўся, на сайце было апублікаванае толькі віншаванне з юбілеем у адрас Надзеі Ермаковай (былой кіраўніцы Нацбанка і «Беларусбанка» споўнілася 70).
20 красавіка, чацвер
У гэты дзень палітык з’явіўся на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым.
Астатнія мерапрыемства не запатрабавалі яго публічнага ўдзелу: былі апублікаваныя віншаванні калектыву Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій з 50-годдзем з дня заснавання ВНУ, заслужанаму майстру спорту СССР Вячаславу Фяцісаву (у яго быў юбілей), а таксама прэзідэнту Кубы Мігелю Марыа Дыяс-Канелю Бермудэсу (той пераабраўся на новы тэрмін).
У дадатак Лукашэнка падпісаў два ўказы: пра ўдасканаленне і развіццё жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны, а таксама пра занясенне на Рэспубліканскую дошку гонару пераможцаў спаборніцтва за 2022 год.
21 красавіка, пятніца
У пятніцу Лукашэнка зноў не з’яўляўся перад камерамі — на сайце апублікавалі толькі віншаванне калектыву Аператыўна-аналітычнага цэнтра ў сувязі з днём яго ўтварэння.
26 красавіка, серада
Апошняя серада, якую мы разгледзелі, таксама была небагатай на падзеі — нягледзячы на тое, што ў краіне адзначалі гадавіну з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Публічна Лукашэнка нідзе не з’яўляўся, на сайце з’явілася толькі адно віншаванне — прэзідэнту Ізраіля Іцхаку Герцагу ў сувязі з 75-годдзем незалежнасці дзяржавы.
Адзначым, што ў такім вакууме ў значную для краіны дату звязаны з прэс-службай Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого» апублікаваў архіўныя фота палітыка, зробленыя падчас наведвання ім пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС тэрыторый — відаць, каб хоць неяк адзначыць дату.
27 красавіка, чацвер
А вось на наступны дзень Лукашэнка ўжо з’явіўся на кадрах хронікі — ён аглядаў пасевы аўса і гароху на палях Віцебскай вобласці, а таксама эксперыментальнае поле ў Магілёўскай. Паведамлялася, што «ўбачаным Аляксандр Лукашэнка застаўся задаволены не ўсюды».
Таксама палітык апублікаваў тры віншаванні (прэзідэнту Сьера-Леонэ Джуліуса Мааду Біа з днём незалежнасці краіны, прэзідэнту ПАР Сірылу Рамафосу і грамадзянам краіны з нацыянальным святам Днём Свабоды і народу Нідэрландаў з Днём Караля).
Акрамя таго, Лукашэнка падпісаў указ пра развіццё рынку каштоўных папер.
28 красавіка, пятніца
У гэты дзень Лукашэнка нарэшце адправіўся на пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС тэрыторыі — у рабочую паездку ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці. Разам з чыноўнікамі ён пабываў на шэрагу прадпрыемстваў і зноў праінспектаваў палі, запатрабаваўшы выкарыстоўваць землі для сельскай гаспадаркі больш актыўна.

Што гэта значыць?
Як бачым, графік Лукашэнкі вымалёўваецца досыць стабільны. Серада ў палітыка — фактычна, выходны дзень, публічныя мерапрыемствы з яго ўдзелам звычайна не праходзяць. Выключэнне ў красавіку было толькі адно — і яно было звязанае з візітам у Маскву да Пуціна. Падобна да таго, што тут Лукашэнку проста давялося падладжвацца пад графік расійскага прэзідэнта. У астатнія даты, якія трапілі на гэты дзень тыдня, публікуюцца віншаванні і афіцыйныя дакументы, якія не патрабуюць публічнасці.
А вось чацвер і пятніца — наадварот, вельмі актыўныя для Лукашэнкі дні. Практычна заўсёды ў гэты час праходзяць розныя сустрэчы з палітыкамі, нарады, паездкі, узнагароджанні і гэтак далей. Выключэнняў у красавіку было толькі два: пятніца 7 красавіка (тады Лукашэнка фактычна ўзяў сабе «адгул» на прапушчаны выходны ў сераду праз тую самую сустрэчу з Пуціным у Маскве) і пятніца 21 красавіка (гэта, імаверна, таксама фактычна «адгул» палітыка за рэспубліканскі суботнік: 22 красавіка Лукашэнка працаваў у Хатыні).
Што ж адбываецца на гэтым тыдні? Як мы ўжо ведаем, адсутнасці палітыка ў сераду 10 траўня можна не здзіўляцца — для яго гэта традыцыйны выходны. На сайце ў гэты дзень з’явілася толькі віншаванне прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву са 100-годдзем з дня нараджэння яго бацькі. А вось поўная цішыня ў чацвер і пятніцу (на момант публікацыі гэтага тэксту на сайце наогул няма ніякай інфармацыі пра дзейнасць Лукашэнкі, нават віншаванняў або паведамленняў пра падпісанне ім дакументаў) не можа не наводзіць на думкі пра сур’ёзныя праблемы палітыка са здароўем.
Гэта не супадзенне?
Што да графіка, то супадзенняў дакладна няма. Яшчэ ў сакавіку 2021 года TUT.BY падрабязна вывучаў расклад палітыка. Аўтары прыйшлі да высновы, што серада — «самы свабодны дзень працоўнага тыдня», чацвер — «час сустрэч», а пятніца — дзень працоўных паездак і сустрэч з калектывамі.
«Вядома, у серады Аляксандр Лукашэнка можа праводзіць непублічныя сустрэчы або працаваць з дакументамі, але, як сцвярджаюць ананімныя тэлеграм-каналы, гэты дзень ён прысвячае хакею», — пісаў партал. Таксама TUT.BY адзначаў, што выходныя — для Лукашэнкі звычайна сапраўды выходныя: у суботы і нядзелі ён вельмі рэдка праводзіць публічныя мерапрыемствы.

Адзначым таксама, што такая адсутнасць толькі пагаршаецца практычна поўным маўчаннем прэс-службы палітыка. Пры гэтым відавочна, што асяроддзю Лукашэнкі вядомыя чуткі пра яго сур’ёзнае нездароўе — на гэтую тэму выказваюцца як праўладныя тэлеграм-каналы, так і афіцыйныя дзяржаўныя СМІ. У гэтай сітуацыі прэс-службе было б выгадна паказаць Лукашэнку хоць неяк — але яна гэтага не робіць. Што толькі ўмацоўвае здагадку пра сур’ёзныя праблемы з самаадчуваннем.
Таксама ў праекце «МотолькоПомоги» з’явілася інфармацыя пра тое, што 11 траўня мусіла прайсці нарада з удзелам Лукашэнкі на тэму карупцыі і арыштаў дактароў у апошнія тыдні — аднак яна была адмененая. Мы не можам пацвердзіць або абвергнуць гэтае сцверджанне, аднак калі грунтавацца на аналізе графіка вышэй, такая сітуацыя выглядае цалкам імавернай — у чацвяргі Лукашэнка сапраўды нязменна праводзіць публічныя мерапрыемствы.
Як даўно з’явіліся анамаліі ў графіку Лукашэнкі?
Вышэй мы прааналізавалі графік Лукашэнкі ў красавіку, але не закраналі гэты месяц. Чаму? Таму што анамаліі ў распарадку беларускага палітыка пачаліся якраз у траўні, яшчэ да паездкі ў Маскву на Дзень Перамогі.
Да прыкладу, калі ўзяць сераду, чацвер і пятніцу на мінулым тыдні (3, 4 і 5 траўня), то на сайце Лукашэнкі ёсць інфармацыя толькі пра адно публічнае мерапрыемства — уручэнне дзяржаўных узнагародаў заслужаным дзеячам розных сфер 5 траўня. Адзначым, што ўжо тады звяртаў на сябе ўвагу асіплы голас палітыка — пры тым, што звычайна Лукашэнка без асаблівых праблем праводзіць шматгадзінныя сустрэчы з журналістамі.
Менавіта з улікам усіх гэтых фактаў мы публікуем гэты матэрыял цяпер, калі палітыка няма ў публічнай прасторы ўсяго два з паловай дні — гэта вельмі нетыповыя паводзіны для Лукашэнкі.
Усяго ж за гэты месяц, калі пакінуць за дужкамі мерапрыемствы 9 траўня, палітык, мяркуючы па яго сайце, правёў усяго два публічныя мерапрыемствы: нараду па актуальных пытаннях бяспекі і правапарадку і мерах па ахове дзяржмяжы (палітыка паказалі на фота, але не на відэа — можна дапусціць, што праз праблемы з голасам, якія былі ўжо тады) і ўжо згаданае вышэй узнагароджанне. Усе астатнія падзеі на яго сайце — гэта мноства віншаванняў і падпісанняў дакументаў.

3 траўня Лукашэнку таксама паказалі ў тэлеграм-канале «Пул первого» — ён назіраў за хакейнымі здымкамі ў кампаніі шпіца Умкі. Аднак ацаніць яго стан (як і пацвердзіць дату здымак) немагчыма.
Такім чынам, можна канстатаваць, што з пачатку траўня Лукашэнка, з рэдкімі выключэннямі, не з’яўляецца на публіцы. З чым менавіта гэта звязана і які цяпер стан яго здароўя — невядома, бо прэс-служба пытанне ніяк не каментуе.
Чытайце таксама


