Поддержать команду Зеркала
Беларусы на войне
  1. «Наша Ніва»: Задержан известный певец Дядя Ваня
  2. В Минске вынесли первый приговор по статье об «отрицании геноцида». Мужчину судили за посты о Хатыни и Лукашенко
  3. Стали известны имена всех потенциальных кандидатов в президенты Беларуси
  4. «Изолятор на Окрестина переполнен». Узнали у BYSOL подробности массовых задержаний, которые еще продолжаются
  5. Что можно сделать с техникой, если на телефоне внезапно пропала связь и вы подозреваете, что к вам идут силовики? Объясняет эксперт
  6. «Жируют». Что происходит в такси из-за новшеств чиновников — поговорили об этом с водителями и их пассажирами
  7. Объемы торгов все ниже, а курс повышается: чего ждать от доллара в начале ноября. Прогноз по валютам
  8. Эксперт заметила, что одна из стран ЕС стала охотнее выдавать визы беларусам. Что за государство и какие сроки?
  9. Эксперты проанализировали проект «мирного договора», который Россия хотела заключить с Украиной в начале войны — вот их выводы
  10. В СМИ попал проект мирного договора, который Киев и Москва обсуждали в начале войны: он раскрывает планы Путина на устройство Украины
  11. В Гродно 21-летнего курсанта МВД приговорили к 15 годам колонии
  12. «Уже почти четверо суток ждать». Перед длинными выходными на границе с Польшей снова выстроились очереди
  13. Лукашенко согласовал назначение новых руководителей в «Белнефтехим» и на «Беларуськалий»


З Марынай Адамовіч мы гутарым у дзень, калі Вярхоўны суд разглядаў апеляцыю яе мужа, палітвязня Мікалая Статкевіча. Марына садзіць памідоры, размаўляе запыхана, і тады здаецца, быццам яе жыццё сапраўды нічым не вылучаецца сярод спакойных будняў. Але нам даводзіцца перарваць размову, бо жанчыне трэба збірацца на абвяшчэнне прысуду па апеляцыі. «Не паспяваю нічога: мне і пасадзіць усё трэба, і вось туды з’ездзіць трэба…». Здаецца, быццам для яе гэта ўжо звычайная справа — за паўгадзіны мяняць мірнае жыццё на суд, апеляцыі і перадачы ў СІЗА. Аднак сама яна пратэстуе: прызвычаіцца да той несправядлівасці, якую яна перажывае разам з Мікалаем ужо шмат гадоў, немагчыма. Адзінае выйсце — змагацца і быць шчаслівай, нягледзячы ні на што. Пра тое, што значыць быць жонкай палітыка і палітвязня, блог «Отражение» пагутарыў з Марынай Адамовіч. Мы перадрукоўваем гэты тэкст.

Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч. Здымак з акаунта Facebook гераіні

«Адно і тое ж спадзяванне нарадзілася ў многіх галовах»

З самага пачатку размовы Марына акрэслівае: гаварыць пря сябе ёй няёмка і нязручна. І ўвогуле — «навошта мне распавядаць пра сваё жыццё?» Справа не ў тым, што распавесці няма чаго. Наадварот, Марына лічыць, што проста жыве як павінна — а ці магло быць інакш?

— Зараз вельмі, вельмі цёмны час, і нават самы стойкі чалавек і «энерджайзерная батарэйка» могуць разрадзіцца. Але ж усё мінае: калі ты стаіш роўна, шансаў, што твой вораг здрыганецца, нашмат больш, — спакойна і ўпэўнена разважае яна.

Такія перакананні, па словах Марыны, з’явіліся ў яе ў дзяцінстве. Яна нарадзілася ў Вілейцы, аднак адтуль яе сям’я хутка пераехала у Мінск.

— Мае бацькі вельмі любілі Вілейшчыну, а я вельмі люблю сваю сям’ю і сваіх бацькоў. Нягледзячы на тое, што іх ужо даўно няма на гэтым свеце, я памятаю пра іх кожную хвіліну, яны мяне вельмі падтрымліваюць, — расказвае Марына. — Яны, як і ўсе дзеці ваеннага пакалення, мелі дастаткова цяжкае дзяцінства, рана засталіся сіротамі, але абодва прабілі свой шлях і атрымалі па дзве вышэйшыя адукацыі. Мама ўсё жыццё прапрацавала ў школе — была дырэктарам і завучам, выкладала рускую мову і літаратуру. Але напрыканцы 1980-х, калі я захапілася беларушчынай, яна зрабіла дастаткова нечаканы крок і таксама вырашыла выкладаць беларускую мову. Сказала, што нарэшце адчула палёгку і апынулся на сваім месцы. Яна звычайна не выказвала нейкіх палітычных пазіцый, але вось такім учынкам, мне здаецца, шмат пра сябе сказала. Тата ж усё жыццё працаваў цяжка і шмат. Быў і дырэктарам саўгаса, і кіраўніком навучальных устаноў. Яму ніколі не сядзелася на месцы, ён постаянна прыдумляў нейкія праекты.

Па словах Марыны, яе бацькі звычайна публічна не праяўлялі сваю палітычную пазіцыю. Аднак калі «ўсё ў Беларусі завіравала і забурліла», заўсёды падтрымлівалі дачку.

— Злаваліся, баяліся, маглі гаварыць: «Стой, спыніся, застанься дома, куды ты ідзеш?» Але, па вялікім рахунку, яны мяне заўсёды і ва ўсім падтрымлівалі. Зрэшты, як звычайныя бацькі, — дадае Марына. — Адна вядомая беларуская жанчына сказала мне: «Вы — далюбленае дзіцё, і гэта вызначае ваш лёс». Я пагаджуся, што гэта так, і гэта было ўзаемна. Мае бацькі шмат працавалі, мала бывалі дома, здаецца, і не песцілі нас, але любы момант, які яны праводзілі з намі, дзецьмі, быў святам: на рэчцы ці на лузе, у лесе ці ў падарожжы. З імі было цікава. Настолькі, што, нават калі мой бацька быў дырэктарам саўгаса, я спрабавала з ночы легчы спаць у ягонай машыне, каб ранкам паехаць разам з ім.

Марына ўзгадвае, што ў школе яна была выдатніцай і марыла быць лётчыцай. Але ж у выніку мары давялося перагледзець — дзяўчына паступіла ў медыцынскі інстытут. Яна падкрэслівае: яе навучанне прыйшлося як раз на 1980-я, «калі ў Беларусі з’явіліся першыя парасткі беларушчыны».

— Ведаеце, у мяне заўсёды ў галаве было шмат прусакоў і летуценных мар. Я ўсё жыццё марыла шмат падарожнічаць. І першыя мае гады ў інстытуце былі сапраўды студэнцкімі: з будаўнічымі атрадамі, бясконцымі бадзяннямі па Беларусі, — успамінае жанчына. — У гэты час мы спрабавалі гаварыць па-беларуску нават у нашай групе. Тады прыйшло ўсведамленне: у мяне ёсць свой род і свая зямля, за якую я адказваю. І хоць да тагачасных моладзевых беларускіх рухаў я не далучаоася, але ўдзел у іх імпрэзах звычайна прымала.

А вось на пытанне, якія адносіны ў яе былі з палітыкай, Марына смяецца і дадае: «А вы думаеце, да 1988 года яна ў Беларусі была?»

— Аднак вядома, перабудова ў Савецкім саюзе пачалася раней. Я памятаю той ўздым і надзею, якая нас тады ахапіла. Памятаю, як ішла па горадзе, а з адчыненых вокнаў даносіліся гукі паседжанняў Вярхоўнага савета. Гарбачоў прабудзіў у савецкіх людзей, у беларусаў, інтарэс да палітыкі, разуменне, што ўсё можа быць інакш. Думаю, мой канчатковы пераход да беларушчыны адбыўся як раз напрыканцы 1980-х. Тады адна і тая ж ідэя, агульнае спадзяванне нарадзілася ў многіх галовах. З тых часоў цікавасць да гісторыі і будучыні сваёй краіны я ўжо не губляла.

Гэты перыяд Марына Адамовіч узгадвае як час надзеі і спадзявання на хуткія перамены. Шмат хто з людзей успрымае тыя гады «галоднымі і беднымі», а вось яна, наадварот, памятае іх поўнымі радасці.

— Я чакала, што кожны новы дзень прынясе штосьці светлае і класнае. Вядома, тады былі талоны на мыла, гарэлку, абутак, нават калготкі. Я памятаю, што і мы таксама ўсёй кафедрай стаялі ў чарзе за ботамі і хадзілі потым у аднолькавых, «белвестаўскіх», — расказвае Марына. — Але гэта ўсё не засталося ў маёй памяці трагедыяй — я заўсёды больш жыла эмоцыямі, чым знешнімі цяжкасцямі. І калі ты адчуваеш, што ёсць надзея на перамены, што час паскараецца, гэта так цікава! Кожны дзень мы верылі, што заўтра будзе яшчэ круцей, што мы атрымалі нейкі штуршок і здолеем пабудаваць новую цудоўную краіну. Зрэшты рэшт, мы былі вельмі маладымі. Якраз тады пачалі выдавацца гістарычныя кніжкі, хтосьці адкапваў беларускамоўныя творы з нейкіх недраў, пачало з’яўляцца адчуванне асобнасці і асаблівасці сваёй дзяржавы. Шкада, што гэты працэс быў гвалтоўна затарможаны на дзесяцігоддзі, што ён ідзе праз такія пакуты. Але ж мне здаецца, мы павінны былі праз гэта прайсці, каб атрымаць шанец і здолець ім скарыстацца. У 2020 годзе беларусы ў масе сваёй, нарэшце, прачнуліся. І я веру, што гэты працэс стаў незваротным.

Фото: hramada.org
Мікалай Статкевіч. Фото: hramada.org

«У майго мужа ёсць адна па-сапраўднаму каханая жанчына: гэта Беларусь»

Са сваім будучым мужам, Мікалаем Статкевічам, Марына пазнаёмілася напачатку 1990-х. Яна распавядае, што гэта адбылося у вядомым тады сярод «свядомай» моладзі мінскім Доме літаратара.

— На гэты будынак адным з першых новая ўлада «наклала сваю лапу», бо ён шмат значыў для нацыянальнага станаўлення. Там збіраліся не толькі літаратары, але і іншыя вядомыя людзі, якія «хварэлі на беларушчыну». Затым туды падцягнуліся і беларускія вайскоўцы, якія вярталіся ў краіну з розных кропак Саюза, апантаныя ідэяй стварэння нашага войска. Адзін мой сябра пратрубіў мне ўсе вушы, якія ж класны сярод іх хлопец ёсць — Мікалай Статкевіч (акурат тады ён стварыў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў). Але я такі чалавек, які са словаў нічога не прымае на веру. Таму пераканался ў гэтым, толькі калі мы пазнаёміліся. Аднак пра асабістае я вам расказваць не буду, — дакладна азначае Марына Адамовіч. — Магу сказаць, што мы заўжды глядзелі ў адзін бок і падтрымлівалі адзін аднаго, і я ніводнага разу не вагалася, ці застануся з ім побач.

Марына Адамовіч адзначае, што кожны выбірае свой лёс. І калі чалавек кагосьці кахае, то нават не дапусціць думку, што можа нейкім чынам спрабаваць яму замінаць.

— Гэта абсурд. Тады гэта пра каханне да сябе, а не да іншага. Мне нават у дурным сне ніколі не магло прыйсці, што можна перашкаджаць Мікалаю займацца тым, чым ён дыхае. Уладзімір Някляеў неяк сказаў, што ў Мікалая Статкевіча ёсць адна па-сапраўднаму каханая жанчына — гэта Беларусь. І тут я цалкам з ім згодная, — лічыць Марына. — Калі людзі глядзяць у адзін бок, гэта ўсё ж такі дае падтрымку, веру і ўсё астатняе. Мы выдатна разумеем, праз што прайшлі, дзе мы жывем і што лёс можа нам рыхтаваць далей. Але нашае асабістае жыццё, наша павага і каханне адзін да аднаго ніякім чынам не выключаюць таго, што важна для кожнага з нас.

Марына Адамовіч узгадвае, што першае «крымінальнае» затрыманне Мікалая Статкевіча здарылася ў 1999 годзе, пасля Марша Свабоды (шэсце, якое прайшло ў адказ на пагрозу стварэння Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Мікалай Статкевіч быў адным з арганізатараў акцыі. — Удакл. рэд.). Сённяшняя крымінальная справа — ужо чацвёртая ў ягоным жыцці. Пры гэтым Марына дадае: ніякай дзекабрысткай, якая ідзе ўслед за сваім мужам, яна сябе не адчувае.

— Мікалай заўсёды падтрымліваў усё, што тычыцца майго асабістага выбару, развіцця і перамен. Ведаеце, адна наша сяброўка запыталася ў мяне недзе паміж 2010 і 2015 годам, ці не баюся я за сябе. І я ёй адказала: няўжо варта разбураць сваё жыццё проста тым, што ты баішся? Трэба жыць, а не атручваць жыццё думкамі пра тое, што можа здарыцца з табой далей, — дзеліцца жанчына. — Я не жыву катэгорыямі выпрабаванняў, пакутаў, не лічу сябе ні ахвярай, ні няшчасным чалавекам. Я шчаслівая. Кажуць, Гасподзь не дае больш выпрабаванняў, чым мы можам вынесці. Вядома, тое, як ты выходзіш з такога становішча, залежыць ад таго, якія стасункі ў тваёй сям'і, ступень паразумення. Я ведаю, што і Мікалай адчувае маю падтрымку, што гэта дапамагае яму стаяць роўна гадамі і дзесяцігоддзямі. Калі ты ведаеш, што ў цябе ёсць хтосьці, на каго можна абаперціся, гэта вельмі важна. Але Мікалай сам настолькі цэльны і моцны чалавек, што нават калі б ён застаўся адзін супраць усяго свету, гэта не было б для яго нагодай ісці за дрэнным прыкладам.

Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч. Фото з акаунта Facebook

«Колькі Мікалай будзе сядзець за кратамі, залежыць ад беларусаў»

Марына Адамовіч спрабуе ўзгадаць падзеі 2010 года. Тады ў Мінску адбылася акцыя супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Па розных падліках, на вуліцы выйшлі ад 30 да 60 тысяч чалавек. Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў на пост прэзідэнта, яго затрымалі непасрэдна падчас акцыі і завялі крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў (у выніку ён правёў за кратамі 4 гады і 8 месяцаў). Аднак Марына Адамовіч адзначае: калі даведалася пры крымінальны арышт Мікалая, то проста не дазволіла сабе ўвайсці ў дэпрэсію.

— Бывае, калі нешта такое накатвае, я імгненна стараюся сысці ў іншыя катэгорыі мыслення. Вядома, мне балюча і шкада. Безумоўна, калі я гляджу на траву, на птушак, на кветкі, становіцца вельмі балюча, што Мікалай не бачыць гэтага ўжо два гады — а ён усё гэта вельмі любіць, — дадае яна і замаўкае на некалькі секунд. — Але вы думаеце, тыя, хто хоча прымусіць нас замаўчаць і робяць выгляд, што яны ажыццяўляюць правасуддзе, бачаць усю гэтую прыгажосць? Я думаю, акрамя ўласнага страху, яны не бачаць нічога. А вось нам Бог дае шчасце насалоджвацца кожным імгненнем жыцця, нават калі яно часам вось такое.

Марына Адамовіч прыгадвае, што калі Мікалай Статкевіч адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні, яна паставілася да яго выбару з поўным разуменнем.

— Любыя каштоўнасці вартыя роўна таго, колькі людзі гатовыя за іх плаціць. Калі ты гатовы разлічвацца за іх свабодай і жыццём, у выніку яны становяцца каштоўнасцямі і для іншых ці, прынамсі, выклікаюць павагу. І прымушаюць ворагаў паважаць іх носьбітаў. Мікалай гэта заўсёды разумеў. Гэта дало свой плён: у 2020-м з’явілася шмат тых, хто падзяляе яго меркаванне. Людзі, якія зараз за кратамі, у абсалютнай большасці трымаюцца сваёй пазіцыі. Цяпер іх ужо тысячы, і менавіта іх вера і нязломнасць разбурае сістэму больш, чым штосьці іншае. І я веру: усё гэта не праміне і дазволіць нам зноў мець шанс на перамены, якім мы здолеем скарыстацца, — лічыць яна.

Гэтая філасофія — «трымацца свайго да перамогі» — дапамагла Марыне Адамовіч перажыць і тыя гады, што Мікалай Статкевіч правёў у турме. Яна ж ратуе і цяпер.

— Ёсць такія словы, здаецца, у Віктара Франкла, сэнс якіх ў наступным: першымі зламаліся тыя, хто думаў, што ўсё хутка скончыцца. Потым тыя, хто думаў, што гэта не скончыцца ніколі. І толькі тыя, хто жыў сённяшнім днём, вытрымалі да вызвалення, вытрымалі ўсё. Ты колькі заўгодна можаш спадзявацца на лепшае, але павінен быць гатовы, што падзеі будуць развівацца не так, як табе хацелася б, — тлумачыць яна. — Калі Мікалай выйшаў з турмы ў 2015-м, я не спадзявалася, што пачнецца нейкае «спакойнае» жыццё. Прычыны таго, дзе зараз знаходзіцца Беларусь, не зніклі. Я цудоўна разумела, што Мікалай будзе працягваць рабіць тое, што ён рабіў і раней. Паслухайце, я шчаслівы чалавек. І я не збіраюся нервавацца аб тым, што можа чакаць мяне ў будучыні. Жыццё разам дае магчымасць вытрымліваць многае. Таму што ты ведаеш: пасля самых чорных дзён можа быць шмат чагосьці цудоўнага.

У гэта Марына працягвае верыць і цяпер, нават пасля агучанага яе мужу выраку. Нагадаем, 14 снежня 2021 у Гомелі быў вынесены прысуд па «справе Ціханоўскага» Мікалаю Статкевічу. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і прысудзілі 14 год зняволення ва ўмовах асаблівага рэжыму ўтрымання. Калі мы заводзім гутарку пра гэта, Марына Адамовіч цяжка выдыхае і дадае: ў іх сям'і чакалі, што 2020 год простым не будзе.

— Мы разумелі, што можа быць па-ўсякаму, таму, калі я пачула прысуд, нейкай дэпрэсіі я не адчувала. Хіба толькі з жахам усвядоміла, што асаблівы рэжым прадугледжвае каменнае ўтрыманне, то бок, ні неба, ні дрэваў, ні травы Мікалай яшчэ доўга можа не пабачыць. Сяргей Ціханоўскі слушна сказаў: тое, колькі яны будуць сядзець за кратамі, залежыць ад беларусаў. Жыццё змяняецца хутка, і я не ведаю, што будзе заўтра. Але я вельмі спадзяюся, што Мікалай і астатнія не будуць столькі сядзець у турме. Я ўпэўнена, што ў гэтай улады няма і невялікай долі гэтага часу.