Дэпутаты прынялі ў двух чытаннях законапраект са новаўвядзеннямі што да рынку працы. Так, чыноўнікі хочуць увесці абмежаванні дапамог па беспрацоўі — скараціць тэрмін, цягам якога можна іх атрымліваць, і ўвесці дадатковыя патрабаванні для іх прызначэння. Чаму чыноўнікі чарговым разам замахнуліся на сацпакет, які дзяржава гарантуе насельніцтву, і якія ёсць станоўчыя моманты ў законапраекце што да рынку працы? Пра гэта ў сваёй калонцы для «Люстэрка» разважае эканаміст Леў Львоўскі.
Каротка пра законапраект
Парламент 17 верасня ў другім чытанні прыняў законапраект з новаўвядзеннямі што да занятасці. Адно з іх — зразанне перыяду, цягам якога афіцыйныя беспрацоўныя могуць атрымліваць дапамогу праз цэнтры занятасці. Таксама чыноўнікі збіраюцца ўвесці дадатковыя патрабаванні да таго, каб атрымліваць гэтыя выплаты.
Яшчэ адно магчымае новаўвядзенне — скарачэнне максімальнага перыяду знаходжання на ўліку ў службе занятасці да 12 месяцаў (цяпер — 18 месяцаў).
Далей гэты законапраект пайшоў у Савет Рэспублікі. Калі яго ўхваляць, то скіруюць на разгляд Аляксандру Лукашэнку.
Касметычныя змены замест рэальных дзеянняў
Прыкладна год таму ўрад заўважыў, што ў Беларусі ёсць дэмаграфічныя праблемы. Мяркуючы з усяго, міністэрствам і ведамствам даручылі прыдумаць план таго, як іх вырашаць. У выніку пачалі прыдумляць хто на што здатны: ад жадання прашарсціць «дармаедаў» да прапановаў пэўнай лібералізацыі і вяртання тых, хто з’ехаў. Звычайна ў нас перамагаюць не самыя ліберальныя ідэі і змяненні.
Тыя, што трапілі ў законапраект, відаць, адлюстроўваюць погляды Мінпрацы і яго імкненне пашыраць практыку добраахвотна-прымусовага працаўладкавання. Кідаецца ў вочы, што ў гэтым праекце праігнаравалі самую галоўную частку — уласна ўвядзенне дапамогі ці страхоўкі па беспрацоўі. Я наўмысна кажу «ўвядзенне», а не «павелічэнне», бо дэ-юрэ яна ёсць, а дэ-факта — не, бо яна настолькі маленькая, што не дазваляе чалавеку выжыць у перыяд пошуку працоўнага месца.
Даведка «Люстэрка». У 2024 годзе дапамога па беспрацоўі складае максімум дзве базавыя велічыні, то-бок 80 рублёў (каля 25 даляраў паводле курсу Нацбанка на 23 верасня). Але некаторым катэгорыям, напрыклад, людзям, што выхоўваюць дзяцей, даюць прыбаўку ў памеры 10%. Гэтых грошай відавочна не хопіць, каб пражыць месяц. Для параўнання: праязны на адзін від наземнага грамадскага транспарту ў Мінску каштуе 38,25 рубля на месяц.
Пры гэтым статыстыку па гэтых выплатах (у тым ліку па сярэднім памеры і колькасці тых, каму іх выдаюць) Белстат і Мінпрацы раней засакрэцілі.
Калі гаворка ідзе пра 25 даляраў, то змяненні накшталт скарачэння тэрміну знаходжання ў якасці зарэгістраванага беспрацоўнага ці перыяды выплаты дапамогі па беспрацоўі не граюць абсалютна ніякай ролі. У асноўным менавіта праз адсутнасць нармальнай фінансавай падтрымкі ў Беларусі людзі не спяшаюцца рэгістравацца ў цэнтрах занятасці: колькасць беспрацоўных і тых, хто рэгіструецца ў такіх структурах, адрозніваецца ў дзясяткі разоў (гаворка пра фактычнае беспрацоўе, якое разлічваюць паводле метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы, і афіцыйнае. — Заўв. рэд.). Бо табе ў цэнтры занятасці даюць адну капейку, але пры гэтым прымушаюць скакаць пад іх дудку.
А што добрага ёсць у законапраекце?
У праекце ёсць важнае змяненне — гэта ўвядзенне кватавання працоўных месцаў для працаўладкавання некаторых групаў, уключаючы людзей з інваліднасцю і перадпенсійнага ўзросту.
Даведка «Люстэрка». Законапраект пашырае пералік катэгорый беспрацоўных, якім даюцца дадатковыя гарантыі працаўладкавання за кошт броні з боку наймальнікаў. У спіс дадалі тых, каму застаецца пяць гадоў да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, а таксама тых, хто пакутуе на алкагалізм ці наркаманію, але прайшоў медыцынскую рэабілітацыю.
Людзі з інваліднасцю і перадпенсійнага ўзросту сапраўды нярэдка сутыкаюцца з цяжкасцямі ў пошукам працы. Хоць і ў гэтым выпадку больш эфектыўным было б зрабіць так, каб запрацаваў рынак працы і арганізацыі хацелі іх наймаць. Да таго ж у адну групу да іх дадалі маргіналізаваныя катэгорыі: людзей, якія пакутуюць на алкагольную і наркатычную залежнасць. У выніку гэта больш нагадвае нейкую сацыяльную функцыю, чым меру паляпшэння сітуацыі на рынку працы. Замест таго каб вырашаць пытанні, як перавучыць гэтых людзей, як зрабіць рынак працы больш гнуткім, каб яны знаходзілі працу, якая адпавядае іх кампетэнцыям, іх хочуць проста працаўладкоўваць па-за чаргой за кошт броні.
Ды і ў цэлым такі інструмент, як бронь працоўнага месца, ва ўмовах звышнізкага беспрацоўя, як у Беларусі, не выглядае рацыянальным.
У выніку замест рэальнага вырашэння праблем на рынку працы ўрад прымае закон у стылі «робім выгляд, што нешта робім». Больш мэтазгодным інструментам для паляпшэння сістэмы дапамогі беспрацоўным было б згаданае вышэй увядзенне нармальнага памеру дапамогі (ці страхоўкі ад беспрацоўя). Калі глядзець на пытанне шырэй, то варта падумаць пра тое, адкуль браць працоўныя рэсурсы. Адзін са спосабаў — сапраўды змагацца з дыскрымінацыяй некаторых груп насельніцтва. У тым ліку з дыскрымінацыяй па палітычных перакананнях (то-бок адмяніць чорныя спісы), па гендары, па ўзросце, статусе, наяўнасці ці адсутнасці інваліднасці.
Савецкі менталітэт не згодны плаціць беспрацоўным
Дапамога па беспрацоўі — гэта ўнікальная з’ява на карце законаў Беларусі. Нашая дзяржава абвяшчае сябе сацыяльна арыентаванай. Але ўсё ж фінансавая падтрымка людзей, якія шукаюць працу, — гэта адзін з базавых кірункаў клопату пра грамадзян і барацьбы з беднасцю.
Адна з прычын, з якой яе дагэтуль не ўвялі ў якасці паўнавартаснага інструмента падтрымкі, заключаецца ў тым, што ўрад і Аляксандр Лукашэнка — выхадцы з савецкай эканомікі. Яна адрознівалася ад капіталістычнай стымуламі да працы. У капіталістычнай для гэтага плацяць: хочаш мець столькі і столькі грошай — уставай з канапы і ідзі працаваць. Таму і сам тэрмін «дармаедства» цяжка перакласці на англійскую мову: у Вялікабрытаніі ці ЗША проста няма такой з’явы, калі чалавек не хоча працаваць — гэта ягоная асабістая справа.
Дармаедства можа быць толькі ў сацыялістычных краінах. Там людзей прымушаюць працаваць нярынкавымі метадамі, то-бок іх ледзь не гвалтоўна заганяюць працаваць, а тых, хто супраціўляўся, часам саджалі за краты за «дармаедства» (арт. 204 Крымінальнага кодэкса БССР прадугледжваў за гэта пазбаўленне волі да двух гадоў ці папраўчыя работы). У познім СССР, калі эканоміка развальвалася, многія не хацелі працаваць, пачаліся крымінальныя справы пра «дармаедства», падчас працоўнага дня камсамольцы хадзілі па крамах, кінатэатрах, вышукваючы тых, хто не працуе. За «дармаедства» судзілі паэта Іосіфа Бродскага і многіх іншых. Многія, каб пазбегнуць пераследу, уладкоўваліся на некваліфікаваную працу.
У часткі нашага ўрада і ў самога Аляксандра Лукашэнкі захаваліся гэтыя ідэі: чалавек базава не хоча працаваць — таму яго трэба прымусіць. А тое, што праца можа падабацца і пры адпаведных умовах чалавек сам захоча працаваць, праходзіць міма іх галоваў.
Другая прычына карэніцца ў эканамічнай паліталогіі. У нас сацыяльны інстытут дапамогі па беспрацоўі традыцыйна быў падменены інстытутам залішняй занятасці: падтрымкі непрацаўладкаваных няма, але кожны можа пайсці на завод і нават пры адсутнасці нагрузкі атрымліваць такую-сякую зарплату. Такая сістэма выгадная дзяржаве, бо так яна больш кантралюе чалавека, які прывязаны да заводу. Ён палічаны, ён у калектыве і, па ідэі, ён не мусіць выступаць супраць дзяржавы, бо адчувае сваю бескарыснасць, ведае, што на гэтым заводзе ён лішні, а заробак атрымлівае толькі дзякуючы «дзяржаўнай дабрыні». Пастаянны напамін пра такі стан справаў дазваляе стрымліваць масы насельніцтва. У выніку многія думаюць, што могуць працаваць толькі пры гэтым ладзе, і трымаюцца за цяперашнюю рэальнасць.
Такая схема адносін падпадае пад папулярную алегорыю пра хатні гвалт, калі муж пастаянна паўтарае жонцы, што яна непрыгожая, бескарысная і нікому такая не патрэбная, таму мусіць заставацца ў шлюбе з ім і цярпець. Але гэта кепскі падыход з пункту гледжання эканомікі. Па-першае, пры залішняй занятасці складана рэалізоўваць сапраўды добрыя праекты: на іх проста не хапае свабодных рук, бо людзі занятыя незразумела чым на якім-небудзь заводзе. Па-другое, агульны прыгнечаны настрой у грамадстве, калі людзі масава лічаць, што яны не вартыя лепшага, не прыводзіць да добрага эканамічнага росту, бо яны не гатовыя рызыкаваць, вынаходзіць.
Справядліва будзе адзначыць, што залішняя занятасць (яна мяркуе, што на прадпрыемстве ці ў арганізацыі працуе больш людзей, чым рэальна трэба. — Заўв. рэд.) у Беларусі паступова робіцца міфам. Яна падае на дзяржпрадпрыемствах цягам прыкладна 14 гадоў (то-бок заводы паволі звальняюць людзей), і да 2020 года больш чым палова занятых працавала ў прыватным сектары.
Ад адсутнасці нармальнай падтрымкі беспрацоўных прайграюць эканоміка і сама дзяржава. Функцыя дапамогі ж не толькі ў падтрымцы чалавека, але і выключна эканамічная. Сутнасць дапамогі па беспрацоўі ў тым, каб даць людзям магчымасць знайсці сабе лепшае прымяненне на рынку працы, а не ўладкоўвацца на першае-лепшае месца, бо няма чым карміць сям’ю. Эканамічнае грамадства зацікаўленае ў тым, каб кожны чалавек працаваў згодна са сваімі талентамі. Наўрад ці нехта хоча, каб інжынеры працавалі ў «Макдональдсе» ці зубныя хірургі прадавалі драўніну на біржы. Калі людзі занятыя згодна са сваімі талентамі, яны больш зацікаўленыя ў развіцці ў сваёй сферы, маюць больш грошай, каб утрымліваць сем'і і, адпаведна, плацяць больш падаткаў.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.