Адзіны эфект, які пакуль заўважны ў працы БелАЭС, гэта скарачэнне аб’ёмаў пакупкі газу. Першы энергаблок працуе з эфектыўнасцю ў 50%, распавёў спецыяліст дэпартамента энергетычнай бяспекі iSANS Яўген Макарчук у новым выпуску «Экспертнага погляду» BEROC (Кіеў). У гэтым годзе па невядомых дакладна прычынах першы энергаблок больш прастойваў, чым працаваў. Другі плануецца вывесці на поўную моц у першым квартале 2023 года. Але застаецца пытанне, ці будзе запатрабаванай выпрацаваная ім электраэнергія, улічваючы бягучае эканамічнае становішча і закрытыя для Беларусі знешнія рынкі збыту. Тым часам у наступным годзе запланаваны пачатак выплат па асноўнаму крэдыту, атрыманаму на будаўніцтва АЭС. У сувязі з гэтым паўстане пытанне кошту электраэнергіі і выканання абяцанняў па зніжэнню тарыфаў, якія некалі ўлады давалі насельніцтву.
Адзіны эфект ад працы АЭС — скарачэнне аб’ёмаў спажывання газу
Дзеля будаўніцтва БелАЭС Мінск узяў крэдыт у памеры 10 млрд долараў (з іх выкарысталі каля 7 млрд). Зараз мы плацім адсоткі па гэтаму крэдыту, а з 1 красавіка 2023 года можа пачацца выплата асноўнай пазыкі. Але сама станцыя пакуль працуе з эфектыўнасцю толькі ў 50%, то-бок запушчаны на поўную магутнасць толькі адзін энергаблок, і той ў 2022 годзе больш прастойваў, чым працаваў.
З перагрузкай паліва рамонт павінен праводзіцца праз кожныя выпрацаваныя 9,5 млн кВт∙г электраэнергіі. У сярэднім столькі выпрацоўваецца за год. Лічыцца, што АЭС можа прастойваць каля 10% усяго перыяду працы. Гэты час патрэбны на так званы планава-папераджальны рамонт. Ён займае каля 35−36 дзён на год. У гэтым годзе станцыя прастаяла 198 дзён, то-бок больш за палову часу. Што дакладна адбывалася на станцыі ў гэты час, засталося неагучаным. Ёсць два меркаванні, па-першае, падчас рамонту магло спатрэбіцца нейкае абсталяванне, якога няма ў наяўнасці, і прыйшлося чакаць яго дастаўкі альбо вытворчасці. Па-другое, у краіне не было такога попыту на электраэнергію, каб станцыя працягвала працаваць. З красавіка, як вядома, штомесячныя дадзеныя вытворчасці электраэнергіі не публікуюцца, таму мы не ведаем, наколькі гэтая тэорыя блізкая да рэчаіснасці.
У любым выпадку такі доўгі час прастою выклікае пытанні, бо па вопыту іншых атамных станцый, нават са значнай заменай абсталявання, тэрмін рамонту рэдка доўжыцца больш за 70 дзён. Больш за 100 дзён я не знайшоў ні аднаго выпадку. У нас жа тэрмін прастою амаль наблізіўся да перыяду, які некалі спатрэбіўся дзеля таго, каб пабудаваць саркафаг на Чарнобыльскай АЭС (гэта заняло 208 дзён).
У той жа час няма падстаў лічыць, што такія доўгія прастоі на БелАЭС будуць нормай. Магчыма наступны рамонт будзе доўжыцца 35 дзён і станцыя будзе працаваць, як планавалася. У іншым выпадку ні ў якую эканоміку гэтая АЭС не ўлезе.
Між іншым, нават пры тым, што станцыя доўга была адключаная ад электраэнергетычнай сеткі, ёсць адзін важны эфект, бачны ўжо зараз. Гэта скарачэнне аб’ёмаў пакупкі расійскага газу. Па дадзеных Мінэнерга, з моманту ўключэння ў сетку першы энергаблок выпрацаваў 10 млрд кВт∙г электраэнергіі, замясціўшы 2,8 млрд м² газу.
Ці ёсць сэнс выводзіць на поўную магутнасць другі энергаблок
У кожны момант часу вытворчасць электраэнергіі павінна супадаць з аб’ёмамі спажывання — гэта асаблівасць галіны. У нас няма складоў, каб выпрацоўваць яе ноччу, а прадаваць, напрыклад, днём. Між тым бываюць перыяды часу, калі вытворчасць перавышае спажыванне. Дзеля такіх выпадкаў на шмат якіх ЦЭЦ і некаторых кацельных пабудавалі электракатлы, праз якія спажываюцца лішкі электраэнергіі, ператвараючы яе ў цеплавую энергію для спажыўцоў. Калі працуе адзін блок, то праблем з лішкамі не будзе. А вось калі, як запланавана, у першым квартале на поўную моц пачне працаваць другі энергаблок, то я не ўпэўнены, што магутнасці гэтых электракатлоў хопіць на тое, каб спажыць усю лішнюю электраэнергію.
Выглядае, што спяшацца выводзіць другі энергаблок на поўную магутнасць няма сэнсу. Пытанне толькі ў тым, як аддаваць крэдыт, таму што калі мы павінны будзем выплочваць увесь крэдыт, то-бок 7 млрд, а будзе працаваць, напрыклад, толькі адзін энергаблок (калі гэта ніяк не ўлічана ў крэдытнай дамове), то сітуацыя выглядае даволі складанай. У такім выпадку электраэнергія атрымоўваецца вельмі дарагой. З другога боку, выглядае, што ў выпадку запуску другога блоку яе няма куды будзе дзяваць, бо спадзевы былі на эканамічны рост і стымуляванне спажывання, у прыватнасці на будаўніцтва дамоў з электраацяпленнем. У адкрытым доступе няма дадзеных, але выглядае, што гэтыя планы не рэалізаваліся, мяркуючы па скарачэнні ВУП і працы розных галін эканомікі.
Што датычыцца крэдыту, то ёсць верагоднасць, што выплаты па ім не будуць такім цяжарам, як можа падавацца. Але толькі ў тым выпадку, калі ў кантракце на будаўніцтва станцыі прапісаны штрафныя санкцыі на выпадак парушэння тэрмінаў будаўніцтва. Самі дамовы мы не бачылі, але было б лагічна гэта прапісаць. Калі так, атрымоўваецца, што калі станцыю не здалі ў тэрмін, то ў гэты перыяд па даўгах плацім не мы, а «Росатом экспорт» альбо ў крэдытную дамову ўносяцца змены на карысць Беларусі.
Чакаць зніжэння тарыфаў не даводзіцца
Некалі беларусам абяцалі, што пасля будаўніцтва БелАЭС электраэнергія для спажыўцоў стане больш таннай. Цяпер сітуацыя выглядае так, што ўвод у эксплуатацыю першага энергаблока ніяк не паўплываў на тарыфы. Разлікі таксама паказваюць, што сабекошт генерацыі электраэнергіі на АЭС не атрымоўваецца больш танным, чым на газавых блоках. Атрымоўваецца, што мы проста замянілі адно паліва на другое, і цяпер за гэта плацім дадаткова за кошт выдаткаў на будаўніцтва і крэдыт, што негатыўна адбіваецца на эканоміцы. Апошняе, што казалі пра тарыфы ў Мінэнерга, гэта што праца АЭС ужо ўлічана ў тарыфах, хаця фактычна іх змены не было. Выглядае, што ў гэтым накірунку няма чаго чакаць.
Адзіныя, каго можна з нацяжкай назваць пераможцамі ў гэтай сітуацыі, гэта людзі, якія пачалі спажываць электраэнергію на патрэбы ацяплення. Але гэта толькі таму, што для іх адмыслова зрабілі вельмі нізкія тарыфы — утрая ніжэй, чым сабекошт вытворчасці электраэнергіі. Мінэнерга і наш антыманапольны орган называюць сабекошт, які дазваляе вяртаць усе эканамічна абгрунтаваныя выдаткі, каля 9 цэнтаў. А насельніцтва можа спажываць электраэнергію на патрэбы электраацяплення па тарыфу каля 1,2 цэнта. Гэта відавочнае субсідаванне, прычым у вялізных аб’ёмах.
Плануецца, што праз 15 гадоў Беларусь выплаціць крэдыт, які брала на будаўніцтва АЭС. Пасля гэтага павінен значна скараціцца сабекошт вытворчасці электраэнергіі, і тэарэтычна яна можа стаць больш таннай.
Перспектывы БелАЭС у сувязі с энергетычным крызісам і кліматычнымі пагадненнямі
Наяўнасць у краіне АЭС дазваляе лепш адаптавацца да змяняючыхся рэалій і адпавядаць патрабаванням па кліматычных пагадненнях. З боку эколагаў гучыць пэўная антыядзерная рыторыка і крытыка, але звязаная яна з тым, што гэты спосаб вытворчасці электраэнергіі не лічыцца бяспечным і што да канца не вырашана праблема бяспечнай утылізацыі адпрацаванага ядзернага паліва і радыяактыўных адходаў. З другога боку, вытворчасць электраэнергіі на АЭС лічыцца кліматычна нейтральнай (калі мы не ўлічваем этап будаўніцтва станцыі), бо яна не звязаная з выкідамі цяплічных газаў. Таму калі ў нас будзе скарачацца спажыванне прыроднага газу, гэта будзе весці да скарачэння выкідаў цяплічных газаў і зніжаць наш уплыў на клімат.
У той жа час, калі закранаць пытанне залежнасці ад расійскіх энергакрыніц, то яна застаецца, таму што адзіным пастаўчшыком ядзернага паліва для БелАЭС будзе РФ. Можна ўспомніць, калі ў нас былі перабоі з пастаўкамі газу ці нафты па палітычных прычынах. Цалкам магчымыя падобныя сітуацыі і з палівам для энергаблокаў атамнай станцыі. З другога боку, кошты энергіі, выпрацаванай на АЭС, не так моцна схільныя да скачкоў. Па-першае, у гэтым выпадку кошт на ядзернае паліва займае значна меншую долю ў сабекошце электраэнергіі, па-другое, ён не схільны да такіх ваганняў, як кошт газу. Таму можна казаць пра больш стабільнае і прадказальнае цэнаўтварэнне электраэнергіі.
Палітычныя выклікі, звязаныя з БелАЭС
Падчас будаўніцтва і працы БелАЭС еўрапейскія гульцы, у першую чаргу Літва, вельмі крытычна ставіліся да яе. Верагодна, што яны не зменяць свайго стаўлення нават пасля змены ў Беларусі палітычнага рэжыму, таму што выглядае, што гэтыя рэчы ніяк не звязаныя. У сувязі з гэтым перад Беларуссю будзе стаяць пытанне, што рабіць з гэтай станцыяй. З аднаго боку, стаіць пытанне вялікага патэнцыялу эканамічнага супрацоўніцтва з Літвой, Польшчай з-за працы АЭС. З іншага боку, закрываць станцыю, якую толькі пабудавалі і нават не адбілі крэдыт на яе — таксама балючае рашэнне. Але гэтая праблема ўзнікне.
Хутчэй за ўсё, трэба будзе праводзіць незалежны аўдыт станцыі, дапусціўшы да яго зацікаўленыя бакі, і рабіць выснову адносна яе бяспечнасці. Калі вызначыцца, што станцыя бяспечная (ці яе бяспечнасць можна павысіць да неабходнага ўзроўня), то гэта можа быць аргументам у перамовах з суседнімі краінамі. Калі ж выявіцца, што станцыя небяспечная, то яе трэба спыняць у любым выпадку, бо Беларусь — не месца для працы небяспечных АЭС.