Гэтай восенню беларусы змогуць назіраць «Паўночнае ззянне» — 4 лістапада стартуе кiнафестываль, які ўжо дзесяць гадоў запар дапамагае арыентавацца ў свеце кіно і глядзець найлепшыя паўночнаеўрапейскія і балтыйскія фільмы. Яго заснавальніца, прадзюсарка і рэжысёрка Воля Чайкоўская расказала пра тое, як трансфармавалася «Паўночнае ззянне» за дзесяцігоддзе, як камандзе ўдалося выруліць пасля 2020-га, і, безумоўна, пра тое, якая праграма чакае беларусаў на сёлетнім юбілейным кінафестывалі.
Гэта рэкламны матэрыял. Рэклама дапамагае нам працаваць і расказваць беларусам сапраўдныя навіны. Тэкст напісаны нашым партнёрам. Калі вы хочаце падтрымліваць незалежную беларускую журналістыку і прарэкламаваць свой прадукт — абавязкова напішыце нам.
«Было адчуванне, што ўвесь горад наш»
— Шлях «Паўночнага ззяння» вельмі няпросты і пакручасты, — прыгадвае Воля. — Параўноўваць фестывалі розных гадоў паміж сабой складана, бо мы ніколі не знаходзіліся ў адной зыходнай кропцы: пастаянна мяняліся ўводныя дадзеныя, штогод былі новыя кантэксты і чэленджы.
З самага пачатку, з 2015-га па 2019 год, у нас быў рост фестывалю і яго аўдыторыі па экспаненце, былі класныя калабарацыі з беларускім бізнесам.
Напэўна, адзін з маіх самых любімых фестываляў — гэта «Паўночнае ззянне» 2019 года ў Мінску. Тады мы адзначалі пяць гадоў, мелі вельмі крутую візуальную канцэпцыю, запрасілі класных гасцей. І пад слоганам «Усё магчыма» мы развесілі постары і рэкламу па ўсёй сталіцы. Было адчуванне, што ўвесь горад наш, што ў Мінску усе жыхары ведаюць пра «Ззянне».
— Усё змянілася ў 2020-м?
— Так, кантэкст цалкам змяніўся, мы былі вымушаны перайсці ў анлайн. Гэта была для каманды шокавая гісторыя, бо мы мусілі займацца тым, пра што нічога не ведалі: арганізоўваць анлайн-івэнты, кіраваць камандай распрацоўшчыкаў стрымінгавай платформы, непасрэдна ўзаемадзейнічаць з гледачамі (раней гэта ўсё было на баку кінатэатраў), і нават увесьці анлайн-сапорт — тэхнічную падтрымку. Мы практычна пераўтварыліся ў стартап.
У 2020 годзе мы ішлі на велічэзную фінансавую і канцэптуальную рызыку для таго, каб праект не знік. Было адчуванне, што калі мы прапусцім адзін год, то потым вярнуцца зноў на фестывальныя рэйкі будзе немагчыма. І цяпер разумею, што гэта было правільнае рашэнне: калі б мы тады спыніліся, то «Паўночнае ззянне», можа, на тым бы і скончылася.
«Паказы ў кінатэатрах даюць эмацыйнае падмацаванне»
— Але потым афлайн-фармат вярнуўся?
— У 2022 годзе вырашылі, што зноў хочам ісці ў кінатэатры. У Мінску зрабіць гэта было немагчыма, і мы звярнуліся да талінскага кінафестывалю «Чорныя ночы». Зрабілі з імі калабарацыю: разам з анлайн-праграмай некаторыя з фільмаў можна было паглядзець і ў афлайне ў Таліне.
Безумоўна, афлайн-фармат больш драйвовы, бо поўныя залі даюць вялікае станоўчае эмацыйнае падмацаванне ўсёй камандзе фестывалю. А ў анлайне мы бачым не жывых людзей, а толькі лічбы праглядаў: 500 чалавек у анлайне не так зараджаюць, як тыя ж самыя паўтысячы гледачоў у поўнай залі кінатэатра.
Але анлайн-паказы застаюцца ў нас і надалей, бо мы так працуем з аўдыторыяй у Беларусі. Я вельмі хачу, каб беларусы мелі магчымасць глядзець унікальныя фільмы, ды яшчэ і з беларускімі субцітрамі.
Зараз мы знаходзімся ў сітуацыі транзіта, перазборкі ідэнтычнасці фестывалю. Бо мы пачыналі як фестываль паўночнаеўрапейскага і скандынаўскага кіно, працягвалі як фестываль паўночнаеўрапейскага і балтыйскага кіно. Але з 2020 года ў нас з’явіліся беларускія фільмы, у 2022 годзе ўвялі праграму ўкраінскіх стужак Ukraine Mon Amour, паціху сталі ўсё больш паказваць фільмы іншых еўрапейскіх краін.
То бок мы пераўтварыліся ў еўрапейскі кінафестываль, але асновай нашай ДНК застаюцца нардычныя фільмы, што замацавана ў нашым найменні — Nordic-Baltic Film Festival.
— Што яшчэ засталося нязменным за дзесяць гадоў?
— Калі мы праводзім сумоўі з валанцёрамі, я заўсёды пытаюся, што яны ведаюць пра «Паўночнае ззянне». Мне адказваюць, што гэта класны стылёвы і самабытны фестываль, які з цеплынёй, дабрынёй і любоўю распавядае пра скандынаўскае і балтыйскае кіно. Я думаю, гэта і з’яўляецца нашай нязменнай рысай. Так, мы трансфармуемся, мусім пастаянна ўносіць нейкія карэктывы, але мы заўжды шчыра робім тое, што мы любім.
Таксама мы не павялічваем колькасць фільмаў у праграме, не робім рост проста дзеля росту. Мы з цеплынёй распавядаем пра кожны фільм, каб глядач мог у спакойным тэмпе выбраць сабе кінастужку для прагляду. І нават калі чалавек захоча паглядзець усю праграму фестывалю, то ён зможа гэта абсалютна спакойна зрабіць.
«Час вяртацца да каранёў»
— Якім будзе сёлетняе дзясятае «Паўночнае ззянне»?
— Рознае. Вельмі моднае, разнастайнае, з абноўленым класным дызайнам. Але адначасова і дасведчанае — больш свядомае, размеранае і дарослае.
Сёлета ў нас слоган «Вярнуцца да каранёў». Дзесяць гадоў — такая вяха, якая прымушае паглядзець назад, задумацца, асэнсаваць перажытае і вярнуцца да каранёў. Гэта час зразумець, адкуль ты і хто ты, і пачаць рабіць нешта новае.
Маніфест «Паўночнага ззяння — 2024»: Вярнуцца да каранёў
ты разважаеш пра карані мінімум двойчы на год
на дзень незалежнасці і на дзень волі
карані гэта тое, што ты не выбіраеш
і тое, ад чаго ніколі не можаш адмовіцца ці забыць
нават пры пераездзе, уцёках ці рэлакацыі
з ідэнтычнасцю ўсё яшчэ складаней
ідэнтычнасць яна вадкая, эфемерная
ідэнтычнасць ззяе і пераліваецца, як скура на хвасце яшчаркі,
які яна скінула аднойчы, моцна спалохаўшыся
ты можаш змяніць ідэнтычнасць
можаш камунікаваць пра яе рознымі займеннікамі
але самае галоўнае — што ты гаворыш пра ідэнтычнасць сабе
ці не гаворыш — пазбягаеш, замоўчваеш
уцякаеш ад яе, перавызначаеш і перавынаходзіш
перастварыць ідэнтычнасць можна, толькі вярнуўшыся да каранёў
узгадаць, хто ты ёсць, можна, толькі вярнуўшыся да каранёў
быццам прачнуўшыся пасля нейкага моцнага сну
вярнуцца да каранёў, калі цябе няма
калі няма страху перад пустэчай, прорвай, роспаччу, безданню, болем
вярнуцца да каранёў у твой уласны дзень волі
у твой дзень сілы, намаганняў і высілкаў
уявіць свае карані ў сваёй уласнай свядомасці, усвядоміць іх
вярнуцца да каранёў
адчуваць сябе як дома
Воля Чайкоўская, заснавальніца кінафестывалю «Паўночнае ззянне»
— Якія фільмы будуць на «Паўночным ззянні — 2024»?
— Мы яшчэ знаходзімся ў працэсе фарміравання праграмы. Але раскажу пра тыя стужкі, якія мы дакладна пакажам.
Напрыклад, будзе класны дацкі дакументальны фільм «Прамень» рэжысёра Аляксандра Лінда пра мастачку Эле-Міе Эйдруп Хансэн і яе працу Peace Sculpture з нагоды вызвалення Даніі ад нацысцкіх акупантаў. Праект, які лазерным праменем даўжынёй 532 кіламетры злучыў бункеры ўздоўж заходняга ўзбярэжжа Ютландыі — вельмі супярэчлівы, шмат крытыкаваўся, але ён паказвае праблемы і складанасці нацыянальнай і калектыўнай памяці, двухсэнсоўнасць падзей. І я вельмі рада, што мы пакажам фільм пра гэта.
Яшчэ мы маем у праграме цікавы эстонскі фільм «Нябачная бітва» рэжысёра Райнера Сарнета. Стужка атрымала прэмію за найлепшую рэжысуру на нацыянальнай эстонскай кінапрэміі EFTA. Гэта кіно з катэгорыі, калі ты глядзіш і задаеш сабе пытанне: «Б**ха, што тут адбываецца?» Бо па сюжэце ахоўнік з cавецка-кітайскай мяжы раптам вырашае стаць прасветленым чалавекам і сутыкаецца з таварыствам праваслаўных манахаў, якія практыкуюць кунг-фу. Мне падаецца, у кантэксце сучаснага свету фільм добра паказвае алюзію на тое, што адбываецца вакол нас.
Таксама будзем паказваць фіна-балгарскі фільм «Жаданне Геры». Гэта дакументальная стужка рэжысёра Таніслава Хрыстава пра дзяўчынку з прытулку, якая выпускаецца са школы і стаіць перад жыццёвымі выбарамі, спрабуе зразумець нешта пра сваю сям’ю і пра тое, чаму маці яе кінула. Вельмі цікавая і кранальная гісторыя, гэта адзін з маіх любімых фільмаў гэтага года.
— Колькі заявак пададзена на беларускi конкурс?
— Сёлета атрымалі 43 заяўкі, гэта у два разы меней, чым было летась. З атрыманых заявак толькі пяць — гэта поўны метр, а большасць — гэта фільмы працягласцю да 40 хвілін. Бо беларуская кінаіндустрыя, на жаль, не мае магутнасцяў, каб вырабляць штогод шмат класных фільмаў.
Хочацца спадзявацца, што наша праца і ўпартасць у прасоўванні беларускага кіно не застануцца марнымі. Я веру ў беларускае кіно, што яно будзе жыць і мы будзем ім ганарыцца. Бо ў сённяшнія часы кіно — гэта вельмі моцны інструмент сторытэлінгу, творчага выказвання. Беларусы — таленавітыя людзі, і мне здаецца, што ў нас ёсць усё, каб узяць гэты інструмент і карыстацца ім.
Але ў любым разе мы задаволеныя сёлетняй беларускай праграмай на «Паўночным ззянні», бо ў нас атрымалася сабраць добрыя працы, сярод якіх гледачы змогуць адкрыць для сябе новых беларускіх аўтараў і аўтарак.
«Дыскусій ў анлайне не будзе»
— Якія сустрэчы і майстар-класы пройдуць падчас фестывалю?
— Сёлета мы ідзем на эксперымент і цалкам адмаўляемся ад анлайн-івэнтаў. Бо мы туды ўкладалі шмат рэсурсаў, але за ўсю гісторыю фестывалю толькі дыскусія пра пірацкі і легальны кантэнт была сапраўды папулярнай у анлайне. Астатняе, як мы бачым па праглядах, не вельмі заходзіць: людзям не хочацца глядзець на гаворачыя галовы ў Zoom.
Таму ў нас будуць толькі афлайн-падзеі: робім вялікую размову з гераіняй дакументальнай стужкі «Прамень», згаданай дацкай мастачкай Эле-Міе Эйдруп Хансэн у Варшаве, а таксама збярэм беларускіх стваральнікаў фільмаў на панэльных дыскусіях у Таліне, Варшаве і Вільнюсе.
— Як можна будзе глядзець фільмы на «Паўночным ззянні»?
— Трэба проста зайсці на сайт і зарэгістравацца там, калі вы гэтага яшчэ не зрабілі раней. І ўсё — глядзець кіно можна будзе ў даты фестывалю абсалютна бясплатна. На афлайн-паказы, якія адбудуцца ў Варшаве, Таліне і Вільнюсе, трэба будзе купляць квіткі.
Таксама раю падпісацца на нашу рассылку, каб заставацца ў курсе ўсіх навін фестывалю, а таксама на Instagram «Паўночнага ззяння», бо там заўсёды самая аператыўная інфармацыя: змены у раскладзе, цікавосткі і розыгрышы.
Калі захочаце нас падтрымаць, то на сайце ёсць магчымасць заданаціць на тое, каб каманда фестывалю магла працягваць працаваць і надалей.