Поддержать команду Зеркала
Беларусы на войне
  1. «Наша Ніва»: Задержан известный певец Дядя Ваня
  2. В Минске вынесли первый приговор по статье об «отрицании геноцида». Мужчину судили за посты о Хатыни и Лукашенко
  3. Стали известны имена всех потенциальных кандидатов в президенты Беларуси
  4. «Изолятор на Окрестина переполнен». Узнали у BYSOL подробности массовых задержаний, которые еще продолжаются
  5. Что можно сделать с техникой, если на телефоне внезапно пропала связь и вы подозреваете, что к вам идут силовики? Объясняет эксперт
  6. «Жируют». Что происходит в такси из-за новшеств чиновников — поговорили об этом с водителями и их пассажирами
  7. Объемы торгов все ниже, а курс повышается: чего ждать от доллара в начале ноября. Прогноз по валютам
  8. Эксперт заметила, что одна из стран ЕС стала охотнее выдавать визы беларусам. Что за государство и какие сроки?
  9. Эксперты проанализировали проект «мирного договора», который Россия хотела заключить с Украиной в начале войны — вот их выводы
  10. В СМИ попал проект мирного договора, который Киев и Москва обсуждали в начале войны: он раскрывает планы Путина на устройство Украины
  11. В Гродно 21-летнего курсанта МВД приговорили к 15 годам колонии
  12. «Уже почти четверо суток ждать». Перед длинными выходными на границе с Польшей снова выстроились очереди
  13. Лукашенко согласовал назначение новых руководителей в «Белнефтехим» и на «Беларуськалий»


28-гадовая ўраджэнка горада Гарадзенка (Івана-Франкоўская вобласць) правяла ў Беларусі два гады. Выйграла залатыя медалі чэмпіянату краіны ў складзе «Гомеля». Цяпер выступае ў польскім «Яраславе», дзе з’яўляецца аднаклубніцай беларускі Валянціны Несцярук. У размове з намі Леся з незвычайным для ўкраінкі прозвішчам Смолінг падзялілася болем ад вайны, патлумачыла, чаму пратэст у Беларусі прайграў, а таксама прызналася, што яе ўвесь час цягне на радзіму.

Фото: из Instagram-аккаунта Леси Смолинг
Леся Смолінг. Фота: Instagram-акаўнт спартсменкі

Суразмоўца давала інтэрв'ю па-ўкраінску — гэта было галоўнай умовай. З-за стаўлення Лесі да рускай мовы (пра гэта ніжэй) мы публікуем гэты тэкст па-беларуску. Адзначым, што суразмоўца настойвала, каб словы «Пуцін» і «Расія» ў матэрыяле пісаліся з малой літары, аднак мы выконваем правілы арфаграфіі.

«Руская — гэта мова акупантаў!»

— Проста па-руску прынцыпова гаварыць не хачу і, хутчэй за ўсё, ужо ніколі не буду, — так Леся пачынае гутарку.

— Чаму?

— Я і раней не была прыхільніцай рускай мовы. А цяпер нават чуць не хачу. Асацыяцыя з вайной, Расіяй і чымсьці злым. На жаль, многія ўкраінцы размаўляюць па-руску, але гэта вынік доўгіх гадоў акупацыі і знішчэння ўкраінскага народа. Таму зараз трэба прыкладаць багата намаганняў, каб ў корані змяніць сітуацыю! Давайце будзем сумленнымі, мова — адна з галоўных прычын, чаму Расія напала на Украіну. Пуцін пайшоў «ратаваць рускамоўнае насельніцтва». Трэба рабіць усё, каб такое ніколі не паўтарылася!

— Як рэагуеце, калі чуеце рускую гаворку ўкраінцаў у Польшчы?

— Ну, самі палякі дрэнна ставяцца. І гэтым усё сказана. Я выдатна разумею, што за адзін дзень нічога не зменіш, і людзі адразу не пачнуць размаўляць на ідэальнай ўкраінскай. Але трэба спрабаваць, абавязкова спрабаваць, нават калі будуць памылкі. Гэта вельмі важна. Так, да вайны ўсе былі больш памяркоўнымі да рускай. А цяпер гэта мова акупантаў!

— Як вы камунікуеце з аднаклубніцай Валянцінай Несцярук?

— Часам я на ўкраінскай, а яна на рускай. Але ў асноўным выкарыстоўваем польскую, нават перапісваемся на ёй.

— А калі выступалі ў «Гомелі»?

— Тады я размаўляла па-руску. Праўда, у мяне моцны акцэнт. Вельмі хацела, каб са мной пераходзілі на беларускую мову, але большасць яе проста не ведала, на жаль. Хоць дзяўчаты ўкраінскую разумелі без праблем — толькі з некаторымі словамі былі складанасці.

— Разумееце, чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску?

— Вядома. Беларусь усё сваё існаванне перажывала тое, што і Украіна. Думаю, калі б не Майдан і вайна з 2014 года, у нас магла скласціся сітуацыя, як цяпер пры рэжыме Лукашэнкі. Хаця ў людзей крыху розныя менталітэты. Беларусы больш талерантныя, чым украінцы. І гэта велізарная праблема.

«Дыктатара немагчыма зрынуць без зброі»

— Не верылі, што беларускі пратэст пераможа?

— Я нават злавалася, калі зразумела, што вы здаліся на паўдарозе! Вы былі такія блізкія да таго, каб зрынуць свайго дыктатара, і адступілі ў апошні момант. Памятаю, хтосьці са знаёмых беларусаў пісаў у сацсетках, што «мы не ўкраінцы, не хочам грамадзянскай вайны, мы „мірныя людзі“ і проста хочам быць свабоднымі». Тады я ўжо ведала напэўна, што з гэтага нічога не атрымаецца. Калі ва Украіне нешта не так, мы выходзім на плошчы і стаім да апошняга, хоць і плацім за гэта самым дарагім. Нават сваім жыццём. Мы разумеем, што ўсіх не заб’юць і не пасадзяць, і дамагаемся свайго. Мусіць, у гэтым розніца. Мы самі выбіраем сваю ўладу, хоць потым і плюемся на яе. Але гэта наша ўлада і нашы рашэнні. А ў вас яе прызначаюць і забіраюць сілай.

— Вінаваціце беларусаў у тым, што адбываецца ва Украіне?

— Не, але мне непрыемна, што яны могуць проста сядзець і нічога не рабіць у той момант, калі праз іх краіну ідуць танкі забіваць іншых людзей. Ведаю, што ёсць тыя, хто спрабуе змагацца. Я падзяляю беларускую ўладу і людзей, але хочацца, каб народ быў больш актыўным. Лепшага моманту можа ўжо і не быць, каб што-небудзь змяніць. А проста спачуваць і сядзець ціха — няправільна.

— Што рабіць, калі людзі баяцца? За стужку ў валасах ці плакат «Не вайне» штрафуюць і адпраўляюць на суткі.

— Усіх не заб’юць і не пасадзяць! У нас у 2013 годзе таксама так было. Мы змаглі, і вы зможаце! Галоўнае, каб гэтага хацелі людзі.

Фото: из Instagram-аккаунта Леси Смолинг
Леся і яе муж Іван. Фота: Instagram-акаўнт спартсменкі

«У Беларусі адчуваўся „савок“»

— Якія ўражанні засталіся ад выступлення за «Гомель»?

— Не магу сказаць нічога дрэннага пра каманду. Наадварот, дзяўчаты выдатныя. Да мяне там добра ставіліся, з’явіліся сяброўкі. З некаторымі маю зносіны і па сёння. Ведаю, яны перажываюць за маю краіну.

Вядома, у параўнанні з Украінай, у Беларусі адчуваўся «савок». Асабліва 23 лютага і 9 мая… Не лічу, што іх трэба святкаваць. Для мяне 9 мая — дзень памяці пра мільёны загінулых, а не магчымасць выйсці на парад і выхваляцца невядома чым. Ва ўсім свеце ладзяць акцыі «ніколі зноў», і толькі ў Расіі і Беларусі — «можам паўтарыць». Вось яны і паўтараюць генацыд людзей цяпер.

Але тады пра палітыку мы практычна не размаўлялі. Усе думалі, што я ўсіх накручваю і перабольшваю. Калі сцвярджала, што на ўсходзе Украіны ідзе вайна, яны заяўлялі, што гэта справа палітыкаў і не ўсё так адназначна. Пераканаць у адваротным было немагчыма. Спадзяюся, цяпер усім усё ясна! Напэўна, я сышла своечасова, таму што яшчэ год бы там не вытрымала.

— Якімі падаліся беларусы і сам Гомель?

— Людзі добрыя. Большасць адэкватная, у прынцыпе, як і паўсюль. Адзінае, што сапраўды здзівіла: у параўнанні з іншымі гарадамі Мінск выглядаў гігантам і быццам з іншай планеты. Тады мне так і казалі, што ўсе грошы ідуць у сталіцу, а ў іншых месцах так сабе.

Дарэчы, у Беларусі сапраўды чыста! У гэтым плане адчуваўся парадак. Гомельскі цэнтральны парк — прыгажосць. Там вельмі добра. Ну і, вядома, спартовыя арэны (для мяне гэта важна) на высокім узроўні.

А яшчэ я адкрыла для сябе ваш халаднік. Ніколі раней не ела. Вельмі смачна!

«Мозг дагэтуль адмаўляецца верыць у тое, што адбываецца»

— Раскажыце, што вам давялося перажыць з пачатку вайны?

— 24 лютага я з’ехала ў Ужгарад. Пабыла трохі з мужам, забрала сястру з дзецьмі і з’ехала назад у Польшчу. Прастаялі на мяжы 15 гадзін, але, на шчасце, гэта найгоршае, што здарылася. Цяпер яны жывуць са мной у Польшчы. Сястра з дзецьмі прыходзяць на ўсе хатнія матчы, і гэта, напэўна, самае прыемнае з усяго, што адбылося за апошнія два месяцы.

— Як ваш муж?

— На другі дзень вайны ён пайшоў у тэрытарыяльную абарону і дагэтуль там. Я вельмі ганаруся і вельмі перажываю за Івана. Але ведаю, з ім усё будзе добра. І мы хутка будзем разам!

— Можаце вылучыць самы страшны момант?

— Мой мозг да гэтага часу адмаўляецца верыць у тое, што адбываецца. Я нават не магу ўявіць, што адчуваюць людзі пад абстрэламі і акупацыяй. Перажыць усё тое, што яны перажылі, нікому не пажадаеш. Яны — героі!

Самымі жахлівымі былі першыя дні. Нявызначанасць, пастаяннае чытанне навін… А яшчэ пасля вызвалення поўначы краіны, калі адкрылася праўда пра Бучу, Ірпень, Барадзянку і іншыя часова акупаваныя гарады і сёлы Украіны. Пасля таго, што расіяне там зрабілі, іх ужо і людзьмі не назавеш. Страшна падумаць, што цяпер адбываецца ў Марыупалі.

— Ці атрымліваецца неяк забыцца, або нават на пляцоўцы думкі пра радзіму?

— Спачатку было вельмі цяжка трэніравацца і гуляць. Пастаянна думаеш толькі пра вайну, не можаш пераключыцца. Падсвядома адчуваеш віну за тое, што ў цябе ўсё добра, а людзі ва Украіне паміраюць. Але калі ўвесь час пра гэта думаць, то можна з глузду з’ехаць. І гэта ўжо дакладна нікому не дапаможа. А потым трохі прывыкаеш. Разумееш, што трэба рабіць сваю працу і старацца рабіць яе як мага лепш.

Леся Смолінг у форме «Кашаліна». Фота: прэс-служба клуба

«Украіна яшчэ ніколі не была настолькі аб’яднанай»

— Вы з захаду Украіны, доўга жылі і гулялі ў Львове. Ад саміх украінцаў хапае гісторый, што кошты на жытло там цяпер проста касмічныя. Як ставіцеся да гэтага?

— Ну, усюды розныя людзі. Адны аддаюць апошняе, а іншыя будуць нажывацца нават у самыя страшныя часы. Тое ж і з тымі, хто бег ад вайны. Некаторыя дзякуюць за дах над галавой, а некаторым «усё ўключана» падавай.

Але не трэба ўсіх пад адзін грэбень раўнаваць. Заходнія рэгіёны Украіны, як і большая частка Еўропы, адчынілі дзверы для найбольш пацярпелых ад вайны. Людзі (асабліва валанцёры) робяць каласальную працу, каб перасяленцы маглі адчуваць сябе нармальна і мець дах над галавой. Гэта галоўнае. Мне здаецца, Украіна яшчэ ніколі не была настолькі аб’яднанай, як у апошнія два месяцы.

Асобная велізарная падзяка Польшчы. Я вельмі прыемна здзіўленая ўсім тым, што робіць цяпер гэтая краіна для Украіны. Вось так павінны жыць брацкія народы.

— Адкуль у вас такое незвычайнае прозвішча для ўкраінкі?

— Дзед нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Польшчы. Падчас аперацыі «Вісла» яго сям’ю выселілі ва Украіну. Спачатку ў Запарожжа, а потым ужо яны пераехалі ў Ровенскую вобласць. Але глыбей я не капала. Можа, аднойчы займуся гэтым і знайду сваякоў дзе-небудзь у Скандынавіі ці Англіі.

— Сумуеце па Украіне, калі гуляеце за мяжой?

— Мы часта з дзяўчатамі абмяркоўваем, хто дзе ў будучыні хоча жыць. Бо жыццё спартсменаў такое, што ніколі не ведаеш, што цябе чакае. Я заўсёды кажу, што хачу жыць ва Украіне, мне нідзе так добра не будзе, як дома. Сумую па краіне, блізкім людзям, зносінам на роднай мове і адчуванні таго, што я на сваім месцы. Таму ведаю, што пасля заканчэння кар’еры абавязкова вярнуся дадому!

— Пра што марыце цяпер?

— Вядома, пра перамогу! Як раней ужо ніколі не будзе. Але, я ўпэўнена, будзе лепш! Кожны ўкраінец гэта заслужыў! Калі браць асабістае, то хачу, каб муж вярнуўся дадому цэлым і мы паехалі да бацькоў у госці. Яны ў маёй роднай Гарадзенцы. А потым на мора ў Крым, ва ўкраінскі Крым.

— Дзякуй за размову, Леся.

— Вам удачы ў будучыні! Беларусаў чакае яшчэ даўжэйшы шлях, чым украінцаў. Спадзяюся, вы здабудзеце сваю незалежнасць, сапраўдную незалежнасць!