Барбі, палітвязні і эміграцыя: якія беларускія фільмы пакажуць на фестывалі «Паўночнае ззянне»
10 октября 2024 в 1728540000
Реклама
Шаснаццаць новых беларускіх фільмаў можна будзе паглядзець на кінафестывалі «Паўночнае ззянне», які стартуе анлайн і афлайн ў кінатэатрах Варшавы, Вільнюса і Таліна з 4 лістапада. Арганізатары выбралі некалькі стужак з беларускай праграмы, якія абавязкова трэба паглядзець кожнаму з нас. Таксама яны распавялі пра сёлетнюю спецыфіку фільмаў беларускіх рэжысёраў, якія былі адабраныя для паказу на «Паўночным ззянні».
Гэта рэкламны матэрыял. Рэклама дапамагае нам працаваць і расказваць беларусам сапраўдныя навіны. Тэкст напісаны нашым партнёрам. Калі вы хочаце падтрымліваць незалежную беларускую журналістыку і прарэкламаваць свой прадукт - абавязкова напішыце нам.
Можа і не карабель, але ўпарта плыве
Адна з місій «Паўночнага ззяння» - даваць трыбуну і магчымасць быць пачутымі маладым беларускім рэжысёрам, кажуць арганізатары фестывалю. Бо зараз творцы здымаюць свае фільмы ў вельмі складаных умовах: або ў эміграцыі, або ва ўнутранай самацэнзуры, калі немагчыма быць прамым і адкрытым.
«Беларускае кіно можна параўнаць з караблём, які плыве па хвалях - нягледзячы на ўсе складанасці, на разарванасць сувязяў паміж кінематаграфістамі ў Беларусі і за яе межамі, - кажуць арганізатары "Паўночнага ззяння". - Можа гэта нават і не карабель, а толькі маленькі кацер або шлюпка, але ён упарта рухаецца наперад. Усе фільмы беларускай праграмы - гэта вельмі сумленныя праекты, звернутыя да гледача. Каб мы задумаліся і падыскутавалі пра нашае нядаўняе мінулае, сучаснасць і будучыню».
У беларускую праграму фестывалю ўвайшлі не толькі фільмы на вострыя палітычныя тэмы пра выбары 2020 года, эміграцыю і драматычную сучаснасць, але і пра пераасэнсаванне месца беларусаў у сённяшнім свеце, пра інтэграцыю ў еўрапейскую прастору. Пры гэтым у лік 16 адабраных фільмаў патрапілі толькі тыя, дзе можна прачытаць беларускі код.
«Большасць фільмаў з беларускай праграмы - гэта малабюджэтныя карціны, - кажуць арганізатары. - Але яны таксама маюць права на існаванне і займаюць пэўную нішу ў складанай іерархіі індустрыі кіно. Можна сказаць, што сёлета ў праграме мы маем сваіх Гадараў, Таранціна і Філібераў, а "Паўночнае ззянне"
стварае сувязь паміж беларускім кіно і вялікім светам кінематографа».
Арганізатары выбралі пяць разнапланавых фільмаў і расказалі, чаму гэтыя стужкі варта абавязкова паглядзець.
Пад шэрым небам (Польшча, 2024)
Рэжысёрка - Мара Тамковіч.
Пра што фільм
Беларусь, 2020 год. Масавыя пратэсты пасля сфальсіфікаваных выбараў. Апазіцыйная журналістка Лена вядзе жывую трансляцыю жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі, і яе высочвае міліцэйскі дрон. Тым не менш яна працягвае трансляцыю, журналістку арыштоўваюць. Муж Лены, Ілля, рыхтуе тэрміновую эвакуацыю за мяжу, але сістэма не мае намеру адпускаць Лену. Пара павінна сутыкнуцца з невыносным выбарам у спробе выжыць і застацца вернымі сабе, бо рэжым поўны рашучасці зламаць іх абодвух.
Фільм натхнёны рэальнай гісторыяй беларускіх журналістаў Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай, якая была арыштаваная ў лістападзе 2020 года і дагэтуль адбывае 8 гадоў зняволення.
Чаму цікава паглядзець
Зараз гэта адзін з самых гучных беларускіх праектаў. У тым ліку дзякуючы паспяховай фестывальнай гісторыі: стужка была ўзнагароджана на 49-м фестывалі польскіх ігравых фільмаў у Гдыні ў намінацыі «Найлепшы дэбют», а яе сусветная прэм'ера адбылася на нью-ёркскім фестывалі Tribeca. Нягледзячы на сюжэт, фільм не проста палітычны, але яшчэ і псіхалагічны - яго можна аднесці да так званага фармату фільмаў «маральнай турботы». У рэжысёркі атрымалася раскрыць тэму рэпрэсій без паказвання фізічных катаванняў у кадры. Але пры гэтым паказаць маральны выбар, які стаіць перад палітычнымі зняволенымі ў сучаснай Беларусі. І расказаць звычайную чалавечую гісторыю, а не стварыць нейкіх гераічных ахвяр і змагароў.
Калі і дзе глядзець
Варшава, к/т Kinoteka, 9 лістапада, 19.00. Квіткі на паказ ужо можна купіць па спасылцы.
Непажаданае сваяцтва (Германія, 2024)
Рэжысёр - Павел Мажар.
Пра што фільм
Праз 6 месяцаў пасля ўварвання ва Украіну расійская армія адступае з некаторых акупаваных рэгіёнаў і населеных пунктаў краіны, пакідаючы за сабой шакуючыя сляды ваенных злачынстваў. У справаздачах шэрагу праваабарончых арганізацый і незалежных журналістаў з'яўляецца ўсё больш доказаў таго, што расійскія войскі на акупаваных тэрыторыях таксама праводзяць сістэматычнае знішчэнне нацыянальнай самасвядомасці мірнага насельніцтва. Грунтуючыся на сведчаннях цывільных ахвяр, рэжысёр звяртаецца да гэтай сістэмы прыгнёту. Асобныя выказванні агучваюць два ўкраінскія акцёры, а фонам фільма служаць вуліцы берлінскага раёна. Каб вызначыць, якую адказнасць за гэтую вайну можа панесці ён сам, рэжысёр разважае пра сваё дзяцінства і школьную адукацыю ў постсавецкай Беларусі.
Чаму цікава паглядзець
Гэты фільм вельмі актуальны і важны, бо спрабуе растлумачыць нам, як гэтая вайна магла ўвогуле адбыцца. З аднаго боку, у стужцы паказаны выразны падзел паміж дзеяннямі Расіі і беларусамі, але пры гэтым ёсць развагі і пра тое, як спадчына савецкага і рускага свету ўплывае на Беларусь. Мы бачым ход думак маладога чалавека, які спрабуе прааналізаваць і растлумачыць, што стала трыгерам да бясчынстваў і зверстваў, здзейсненых расійскім бокам на ўкраінскай тэрыторыі.
Гледачы змогуць паразважаць над тым, як чалавек, прасякнуўшыся імперскай свядомасцю і ідэалогіяй, пераўтвараецца ў машыну смерці. І паспрабаваць асэнсаваць, як перамагчы гэты магніт, які хоча прыцягнуць да сябе грамадзянскую беларускую супольнасць.
Калі і дзе глядзець
Вільнюс, к/т Skalvija, 6 лістапада, 19.00.
Талін, дакладныя дата, час і месца паказу будуць вядомы пазней.
Барбі.ру (Беларусь, 2024)
Рэжысёр - Жэня Дарк.
Пра што фільм
Барбі ў метапрасторы «рускага свету»: калі ляльку дастаюць з упакоўкі, яркі макіяж ператвараецца ў струменьчыкі бруду, на высокіх скулах з'яўляюцца сінякі, пластык трэскаецца ад сутыкнення з рэальнасцю. Калі ты не ператворышся з кукалкі ў матылька з тытанавымі крыламі, усеянымі шыпамі, - як доўга ты пратрымаешся ў гэтым свеце?
Чаму цікава паглядзець
Гэта саркастычны рэферэнс у адрас блокбастара «Барбі» Грэты Гервіг ад «вольнага стралка» незалежнай кінапрасторы Беларусі. Уявіце Барбі не ў лялечнай галівудскай прасторы, а пагружанай у рэаліі так званага рускага свету. Атрымалася пародыя на ўсё, у тым ліку і на фемінізм. У гэтым плане фільм даволі панкаўскі, ён не ідзе за моднымі трэндамі, а спрабуе з імі дыскутаваць, абараніць іншы погляд на прыроду рэчаў і свет.
Калі і дзе глядзець
Анлайн - 5, 17, 19 лістапада.
Кроў і караоке (Польшча, 2023)
Рэжысёр - Юрый Сямашка.
Пра што фільм
Нясмелы ахоўнік супермаркета ўступае ў фатальнае супрацьстаянне з вельмі ўпэўненым у сабе крымінальным элементам. У гэтым 11-хвілінным анімацыйным фільме чарада прафесійных прамашак і фатальных супадзенняў прыводзіць жыццё ардынарнага няўдачніка да крывавай развязкі.
Чаму цікава паглядзець
З аднаго боку - гэта жарт, а з другога - нечаканы погляд на нашу рэчаіснасць. Гэта Pulp Animation у стылістыцы Таранціна, калі звычайная гісторыя заканчваецца крывавай разборкай. Вельмі кампактная гісторыя аб сіле насмешлівага лёсу, за ёй неверагодна цікава сачыць, і яна зусім нечаканая і непрадказальная. Фільм зроблены мінімалістычна і з меланхоліяй, але пры гэтым з выдатным пачуццём гумару - вельмі дазаваным і дакладным.
Калі і дзе глядзець
Анлайн - 10, 16, 19 лістапада.
Вільнюс, к/т Skalvija, 6 лістапада, 19.00.
Кут чужога шчасця (Германія, 2024)
Рэжысёрка - Соня Харытанюк.
Пра што фільм
Фільм пра тое, як дзяўчына з артадаксальнай сям'і пераносіць сэксуалізаваны гвалт: набожная Сіма жыве ў цені бацькоўскіх настаўленняў і падаецца задаволенай сваім выбарам. Ад нечаканай прапановы папрацаваць мадэллю яна адмаўляецца. У дзень сваіх імянінаў Сіма апанаваная цмяна знаёмым жахам: адхоплівае руку ад дотыку маці, як ад апёку, а калі бацька называе яе «чыстым анёлам Гасподнім» - выбягае з-за святочнага стала. У хвіліну адчаю Сіма шукае свой улюбёны абразок, але знаходзіць толькі даўно забытую візітоўку. Толькі цяпер яна дастае тэлефон і набірае нумар.
Чаму цікава паглядзець
Стужка знята ў Германіі і, на першы погляд, наўпрост ніяк не звязаная з жыццём беларусаў. Але актуальная тэма хатняга аб'юзу закранае і нашы рэаліі, таму што ў краіне доўгі час абмяркоўваецца гэтае пытанне, была спроба прыняць адпаведны закон. І хаця гэта не атрымалася, праблема не растварылася, яна па-ранейшаму застаецца важнай для беларускага грамадства. І гісторыя Сімы - запрашэнне да цывілізаванай размовы аб праблеме хатняга і сэксуалізаванага гвалту.
Калі і дзе глядзець
Анлайн - 7, 15, 20 лістапада.
Вільнюс, к/т Skalvija, 6 лістапада, 19.00.
Уся праграма і расклад паказаў беларускіх, а таксама іншых еўрапейскіх і ўкраінскіх фільмаў даступна на сайце «Паўночнага ззяння», а каб не прапусціць важныя абвесткі, падпішыцеся на Instagram фестывалю.
Калі захочаце падтрымаць «Паўночнае ззянне», на сайце ёсць магчымасць заданаціць на тое, каб каманда фестывалю магла працягваць працаваць і надалей.